непадку́пны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога нельга падкупіць; чэсны. Непадкупны чалавек. □ Кароль быў непадкупны .. і яго ў брыгадзе пабойваліся. Карпаў. Памяць — гэта непадуладны і непадкупны суддзя. Кудравец. Снягоў раскінуўшы абрус, У небе дрэмлеш непадступна, Халодны, горды, непадкупны, Чаго пакрыўдзіўся, Эльбрус? Дукса. // Які ўласцівы такому чалавеку. Неўзабаве Кірылу Арлоўскаму давялося выбірацца ад брата. Тыя, хто адчуў на сабе непадкупны характар свайго старшыні, нават ўзрадаваліся. Паслядовіч.
непаднача́ленне, ‑я, н.
Нежаданне або адмаўленне падначальвацца каму‑н. Непадначаленне ўладам.
непадо́бнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непадобнага; адсутнасць падабенства. Трымаецца [хлопец] горда, незалежна — і яго непадобнасць на другіх кідаецца ў вочы. Навуменка.
непадо́бны, ‑ая, ‑ае.
1. на каго-што, да каго-чаго і без дап. Які не мае падабенства з кім‑, чым‑н. Шабуня ляжаў на траве, непадобны на сябе. Мележ. [Салдаты] зусім былі непадобны на тых, якія займалі калісьці .. станцыю. Лынькоў.
2. Абл. Заганны, нядобры. [Аўгіня:] — Цяжка мне стала, Мартын, жыць з чалавекам, які пачаў займацца непадобнымі справамі, тапіць людзей, наводзіць паліцыю. Колас.
непадпара́дкаванне, ‑я, н.
Адмаўленне або нежаданне падпарадкавацца каму‑, чаму‑н. [Ляшчэня] абвінаваціў Паходню ў непадпарадкаванні дырэктывам, у парушэнні дзяржаўнай дысцыпліны. Хадкевіч.
непадпераза́ны і непадпяра́заны, ‑ая, ‑ае.
Без пояса; не перацягнуты ў таліі поясам. Палонны ў непадперазаным шынялі і вострай будзёнаўцы, сагнуўшыся ў нізкіх дзвярах, пераступіў парог. Брыль. Апрануты [Лескавец] быў па-летняму: картуз, лёгкі плашч-дажджавік, вузкаваты ў плячах, расшпілены, пад ім — непадпяразаная гімнасцёрка. Шамякін.
непадро́бленасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непадробленага.
непадро́блены, ‑ая, ‑ае.
1. Сапраўдны. Непадробленыя дакументы.
2. Шчыры, непрытворны; натуральны. Вера падсела бліжэй да.. [Стасі] і прашаптала з непадробленай ласкай і болем: — Я так шкадую яго... Зарэцкі.
непадро́бны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і непадроблены (у 2 знач.). Маці, маці! Я люблю цябе чыстай душой сваёй. Я прысягаю табе ў непадробнай сваёй шчырасці. Ермаловіч. «Дрыгва» — высокапаэтычны твор, прасякнуты непадробным духам народнасці. Навуменка.
непадрыхтава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан непадрыхтаванага; адсутнасць падрыхтоўкі.