павуці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш. да павуціна.
2. Вязанне або вышыўка, падобная на сетку.
•••
Вісець (ліпець) на павуцінцы гл. вісець.
павуці́нне, ‑я, н., зб.
Павуціна. Пад дахам было шмат павуціння. Бядуля. У небе свяціла сонца і плыло срабрыстае павуцінне. Краўчанка.
павуці́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да павуціны (у 1 знач.). Павуцінная сетка.
2. Такі, як павуціна (у 1 знач.). Павуцінныя ніткі.
павуча́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць павучальнага. Нарэшце Ладымер пачаў надаваць сваёй гаворцы тон павучальнасці. Чорны.
павуча́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які можа навучыць чаму‑н., можа быць выкарыстаны як прыклад. Павучальны ўрок гісторыі. Павучальныя вынікі. □ Шмат яшчэ цікавага і павучальнага расказаў .. [стары] у гэты вечар. Ляўданскі. Жыццё Леніна — павучальны прыклад для моладзі. «Полымя».
2. Які ўтрымлівае ў сабе павучанне, мае характар павучання. Павучальная гутарка. □ Я. Купала пісаў і павучальныя байкі, у якіх высмейваў паасобныя недахопы, уласцівыя людзям. Казека. // Які бывае звычайна пры павучанні. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ. Іван усміхаўся, адчуўшы павучальны тон сваіх слоў. Шахавец.
павуча́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. павучаць.
2. Парада, настаўленне. Асабліва безуважным быў Грышка да дзедавых павучанняў, калі недзе яго чакалі сябры... Паслядовіч. — Другі раз, перш чым сказаць што, падумай, — папярэдзіў [Валодзю] Паўлік, які любіў чытаць хлопцам павучанні. Рунец.
3. Пропаведзь, прамова, якія ўтрымліваюць павучальныя парады. Сказаць павучанне.
павуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.
Даваць павучальныя парады, настаўленні. — На паходзе, на вайне разведка і сувязь маюць дужа важнае значэнне, — павучаў.. [Букрэй] дзеда. Колас. Тапурыя ўсё яшчэ павучаў .. [Вано], як трэба сябе трымаць пры старэйшых. Самуйлёнак. // Гаварыць павучанні. — Што ж, рамантыка павінна ўступаць перад рэальнай неабходнасцю, — адчуваючы сваю перавагу, павучаў Беразінец. Броўка. — Абыякавасць — такая загана, якой я не дарую, — Булай і зараз не мог ўстрымацца, каб не навучаць. Шыцік.
павучо́к, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да павук (у 1 знач.).
павучы́ны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і павуковы. Нічыпар бярэ мятлу, з усяго маху б’е па карункавых узорах павучынага рукадзелля. Асіпенка.
павучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.
1. Вучыцца некаторы час. [Сцёпка:] — Каб умець жыць па-людску, дык трэба вучыцца і не толькі ведаць, што такое рабфак, а і павучыцца на рабфаку. Колас.
2. Навучыцца чаму‑н., набыць якія‑н. веды, навыкі. Чыста пабеленая печ і сцены, добра вымытая падлога, прыбраныя з густам пасцелі ўразілі дзяўчат. Было чаму павучыцца ў такой акуратнай гаспадыні. Пальчэўскі. Слава аб камуне пайшла на ўсю акругу. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца. Чарот.