непада́тлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непадатлівага.
непада́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню. Кожны дзень экскаватар, паслухмяны волі чалавека, вурчаў, дрыжучы ўсім целам, злаваўся, угрызаючыся зубамі ў непадатлівы гліністы грунт. Сапрыка. Тонкія і жвавыя пальцы паненкі доўгі час бездапаможна перабіралі тоўстую вяроўку, канец якой намок, стаў тугі і непадатлівы, нібы карабельны канат. Карпюк.
2. Няўступчывы, упарты. Вера, гуллівая на словах, была на дзіва ўпартая і непадатлівая. Сачанка. // Стойкі, непахісны. Абы пачынаў [Анатоль] пра што думаць, паўставала Іза, абражаная, але непадатлівая бядзе, гордая і ўпэўненая. Пальчэўскі.
непадве́дамны, ‑ая, ‑ае.
Які не падлягае нагляду, распараджэнням данай службовай асобы або ўстановы.
непадзе́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Які не раздзелены на часткі. Непадзеленая маёмасць.
2. Які не мае водгуку, не сустракае спачування, падтрымкі, належнага разумення. Галя носіць сваю таямніцу, як незвычайны цяжар, як нявыказаную радасць і як непадзелены смутак. Сабаленка.
непадзе́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непадзельнага.
непадзе́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не паддаецца падзелу, драбленню, распаду на часткі. Непадзельная часцінка матэрыі. Непадзельныя словазлучэнні.
2. Які не падлягае падзелу; які знаходзіцца ў агульным валоданні. Непадзельная маёмасць. Непадзельны фонд калгаса. // Які складае адзінае цэлае з кім‑, чым‑н. — Зразумей, для Косці яго работа — яго жыццё, — усхвалявана сказала Вера. — Гэтыя паняцці для яго непадзельныя. Шыцік.
3. Якога не дзеляць ні з кім; поўны, абсалютны. Непадзельнае панаванне. Непадзельная ўлада.
4. У матэматыцы — які не дзеліцца без астачы. Непадзельны лік.
непадкава́ны і непадко́ваны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае падкоў. Настала зіма, галалёдзіца. Непадкаваны конь і кроку не ступіць. А падкоў няма. Жычка.
2. перан. Разм. Які не атрымаў ведаў у якой‑н. галіне. [Лабановіч:] — Бяда наша, Янка, у тым, што мы непадкаваныя, невялікая наша адукацыя, каб правільна падысці і крытычна паставіцца да праграмы розных палітычных партый. Колас.
непадку́пнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непадкупнага.