паведамля́льнік, ‑а, м.
Кніжн. Той, хто даводзіць да ведама ці дае якія‑н. звесткі.
паведамля́льны, ‑ая, ‑ае.
Які ўтрымлівае ў сабе паведамленне (у 2 знач.).
паведамля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да паведамляць.
паведамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да паведаміць.
паве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што, пра што, аб чым.
Тое, што і расказаць. Каму ж паведаць свае болі? Колас. Ходзіць садам садоўнік Шчаслівы між дрэў. А яны ў каралях вясны Нахіляюць прыгожыя шыі Да садоўніцкіх рук, Быццам хочуць паведаць пра што. Броўка.
паве́зены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад павезці.
паве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. павёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; зак., каго-што.
1. Пачаць везці, перамяшчаць транспартам куды‑н. Свіснуў раз, свіснуў два Шустры паравозы, І павёз, і павёз За возікам возік. Купала. І павёз цягнік сына ў Маскву, а бацьку — рухавы малады конік у [калгас] «Перамогу». Васілевіч.
2. Узяўшы з сабой каго‑, што‑н., паехаць, каб адвезці, даставіць куды‑н. Цераз суткі.. [жанчыну] паклалі ў труну і павезлі на могілкі. Чорны. Адразу ў ноч паскакалі коннікі, павезлі дарагія дакументы, заклікі арганізоўваць камітэты беднаты. Лужанін.
3. безас. Тое, што і пашанцаваць. Ну, што ж?.. Відаць, не павязло. Няхай! Не першы раз... Броўка. ...Гэты раз бедаку павязло: У час удалося Панасу памерці. Танк.
паве́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Веяць злёгку, час ад часу. Моцна парыла, а потым Стаў павейваць вецярок. Колас.
паве́к, прысл.
На доўгія гады, назаўсёды, навек. Трывог дакучлівыя цені Павек не прыйдуць больш назад. Астрэйка.