павар’яце́ць, ‑еем, ‑ееце, ‑еюць; зак.
Звар’яцець — пра ўсіх, многіх. Песня была не вельмі ўжо і хвацкая, але ў гэтыя дні ўсе нібы павар’яцелі з ёю, круцілі можа сто разоў. Караткевіч.
паваскава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паваскаваць.
паваскава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
Нацерці воскам усё, многае. Паваскаваць ніткі.
павастрасло́віць, ‑слоўлю, ‑словіш, ‑словіць; зак.
Вастрасловіць некаторы час.
павастры́ць, ‑вастру, ‑вострыш, ‑вострыць; зак., што.
1. Зрабіць вастрэйшым усё, многае. Павастрыць усе нажы.
2. Вастрыць некаторы час. Павастрыць і пакінуць.
павастрэ́ць, ‑эе; зак.
Стаць, зрабіцца больш вострым, вастрэйшым. Сярпы павастрэлі.
паваява́ць, ‑ваюю, ‑ваюеш, ‑ваюе; зак.
1. Ваяваць некаторы час. Паваяваць некалькі месяцаў. □ Калі [Фёдар] паправіўся — трапіў яшчэ далей — на Далёкі Усход, дзе паспеў паваяваць яшчэ і з японцамі. Кірэенка.
2. перан. Разм. Пазмагацца за каго‑, што‑н. Усё-такі я некалі кахаў .. [Іру] і мо нават трошкі вінаваты, што яна стала такою. Не хапіла рашучасці паваяваць за чалавека. Сабаленка. // Разм. Пасварыцца, паспрачацца некаторы час. — Браточку, паедзем, бо калі я тут з сваёй бабай яшчэ паваюю, дык і пад бярозу будзе пара!.. Нікановіч.
паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.
Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.
паведамле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. паведамляць — паведаміць.
2. Тое, аб чым паведамляюць. Важнае паведамленне. □ Паведамленне бацькі моцна ўразіла Міхася. Чарнышэвіч. // толькі мн. (паведамле́нні, ‑яў). Звесткі, якія перадаюцца, паведамляюцца. Апошнія паведамленні. Паведамленні бюро надвор’я. □ Увечары часта разам заседжваліся [сябры] каля рэпрадуктара, трывожна слухалі паведамленні з фронту... Мележ. // Невялікі даклад, інфармацыя. Навуковае паведамленне. Зрабіць паведамленне на канферэнцыі.
3. Дакумент, які ўтрымлівае звесткі аб чым‑н. Паведамленне на пасылку. □ Наташа дастала паведамленне, знайшла патрэбнае слова «залічана». Асіпенка.
паве́дамлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паведаміць.