павесяле́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў, зрабіўся больш вясёлым, весялейшым. Вярнуўся Міхаль, памыты, расчэсаны і павесялелы. Чарнышэвіч.
павесяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць, зрабіцца вясёлым, весялейшым. Дзеці разварушыліся, павесялелі і выйшлі з таго стану замкнёнасці, у якім яны яшчэ так нядаўна былі. Колас. А калі Міхаська пачаў бегаць у школу ды пакрысе чытаць буквар, бацька павесялеў яшчэ больш. Якімовіч. // Стаць, зрабіцца лепшым, прыгажэйшым і пад. Горад, здавалася, пасвятлеў і павесялеў. Грахоўскі. Добра расце ўсё, зямля неяк павесялела, быццам бы маладою стала. Кавалёў.
павесялі́цца, ‑весялюся, ‑вяселішся, ‑вяселіцца; зак.
Правесці весела нейкі час. Хацелася ж і .. [Лене] патанцаваць разам з усімі, павесяліцца. Ваданосаў.
павесялі́ць, ‑весялю, ‑вяселіш, ‑вяселіць; зак., каго.
1. Крыху забавіць, пацешыць каго‑н. Праўда, была яшчэ ў .. [Еселя] і здольнасць пасмяшыць, павесяліць гасцей, калі яму ставілася такая задача. Колас.
2. Весяліць некаторы час.
паве́т, ‑а, М ‑веце, м.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў дарэвалюцыйнай Расіі і ў СССР да 1924 г., якая ўваходзіла ў склад губерні. // Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Польскай Народнай Рэспубліцы (да 1975 г.). // Разм. Адміністрацыйны цэнтр такой адзінкі. Астатніх ратнікаў адправілі ў павет на воінскую камісію. Якімовіч. / Разм. Пра жыхароў такой тэрыторыі. Каваля Міхала ведала ўся акруга — можа, увесь павет. Пестрак.
паве́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Тое, што і павець. Пад вялікай паветкай на дварэ стаіць многа вазоў. Бядуля. Павець з гумном стаяла радам, А пад паветкаю прылады: Вазок, калёсы, панарады. Колас. Тут [ля крыніцы] струменьчык чысты ліўся і журчаў, як чмель над кветкай, пад бярозавай паветкай. Дубоўка.
паве́тра, ‑а, н.
1. Сумесь газаў, галоўным чынам азоту і кіслароду, якія акружаюць зямлю і складаюць яе атмасферу. Чыстае паветра. Свежае паветра. Вільготнае паветра. □ Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Шамякін. Пахі тысяч кветак перамяшаліся ў гарачым паветры. Шашкоў.
2. Свабодная прастора над зямлёй. Срабрыстыя ніці павуціння насіліся ў паветры. С. Александровіч.
•••
Альвеалярнае паветра — паветра, якое астаецца ў лёгачных альвеолах пасля нармальнага выдыху.
Вісець у паветры гл. вісець.
Насіцца ў паветры гл. насіцца.
Павіснуць у паветры гл. павіснуць.
Узляцець у паветра гл. узляцець.
паветра...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая мае адносіны да паветра, напрыклад: паветраабмен, паветрадуўны, паветранепранікальны.
паветраахаладжа́льнік, ‑а, м.
Спец. Апарат для ахаладжэння паветра.
паветраахаладжа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паветраахаладжальніка. Паветраахаладжальны апарат.