не́пагадзь, ‑і, Т ‑ддзю, ж.
Зацяжная непагода. Зверху, амаль што нячуйны, сыпаўся дробненькі, як пыл, дожджык-імжака; .. абцяжаранае змрокам і непагаддзю, нізка асела неба. Быкаў. Мікола развітаўся і выйшаў з хаты ў цемень, у гразь, у халодную асеннюю непагадзь. Краўчанка.
непага́сны, ‑ая, ‑ае.
Паэт. Такі, што не гасне, якога нельга пагасіць. Табе к росквіту шлях асвятляюць Непагасныя зоры Крамля. Астрэйка.
непаго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Хмарнае з дажджом або снегам надвор’е. Не гудзі так, восень, Непагодай дзікай. Купала. Добра, калі асенняй непагодай — з дажджамі і золкімі вятрамі — ёсць над галавой дах, у хаце ўтульна і цёпла. Няхай.
непаго́длівы, ‑ая, ‑ае.
Які вызначаецца дажджлівым, слотным надвор’ем. Пасля непагодлівых дзён з дажджамі і сцюдзёнымі вятрамі нарэшце ўсталявалася ціхае яснае надвор’е. Шчарбатаў. Дні, калі Рыгорку давялося замяняць бацьку, былі непагодлівыя — дажджлівыя і ветраныя. Краўчанка.
непаго́дны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і непагодлівы. Гэй, сябры мае! Дзе вы, родныя? Віхры лютыя, Непагодныя. Колас. Жывучы ў адной камеры з .. [Давідам], нельга было заплеснець нават і ў гэтыя змрочныя будні непагоднай восені. Машара.
непаго́лены, ‑ая, ‑ае.
Які даўно не галіўся. Непаголены, рыжабароды твар .. [Язэпа] з прыпухлымі ад недасыпання вачыма выглядаў няветліва. Сіняўскі.
непадабе́нства, ‑а, н.
Адсутнасць падабенства; розніца. Першае, што кінулася нам у вочы, гэта непадабенства вуліц. Жычка.
непадалёк, прысл. і прыназ.
Тое, што і непадалёку. Я пастаяў крыху і, калі вецер трохі ўлёгся, разгледзеў непадалёк вялізныя гурбы снегу! Гурскі. Яна стаяла Непадалёк мяне, на ўзмежку. Купала.
непадалёку, прысл. і прыназ.
1. прысл. На нязначнай адлегласці; паблізу. Непадалёку, спрабуючы голас, азваўся салавей. Аляхновіч.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «непадалёку» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет ці месца, паблізу якіх хто‑, што‑н. знаходзіцца або што‑н. адбываецца. [Серж з бацькам] былі ўжо непадалёку свайго дома. Чорны. Непадалёку сцішаных Ашмян Загаласіла ўтрапёна дудка — Куды гучней, чым віленскі арган. Дукса.
непадатко́вы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які не падлягае абкладанню падаткам. Непадатковы даход.