Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жы́ла, ‑ы, ж.

1. Разм. Крывяносны сасуд.

2. Разм. Тое, што і сухажылле. Стаяў Патапавіч на адным сваім пункце і цяпер стаіць: не хапайся адразу за многае, а то жылы трэснуць. Кулакоўскі.

3. Трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай, а таксама сама горная парода ў такой трэшчыне. Залатаносная жыла.

4. Разм. Багністае месца з падземнай крыніцай. — Тут.. [фашысты] хутка не пройдуць Вунь каля таго куста такая жыла, што засмокча іх з галавой. Шамякін.

5. Асобны провад кабелю. Правады — сотні жыл — Неслі сілу ў сёлы. Бялевіч.

•••

Выцягнуць (усе) жылы гл. выцягнуць.

Залатая жыла — пра вельмі багатую крыніцу даходу.

Ірваць жылы гл. ірваць.

Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) гл. кроў.

Напінаць жылы гл. напінаць.

На ўсе жылы; з усіх жыл — на поўную сілу.

жылава́ты, ‑ая, ‑ае.

Мускулісты, жылісты. Андрэй сустрэў Арлоўскага на ганку. Гэта быў высокі худы чалавек, крыху сутулы, з вялізнымі жылаватымі рукамі. Чарнышэвіч.

жыладдзе́л, ‑а, м.

Аддзел пры выканкоме мясцовага Савета, які займаецца ўлікам і размеркаваннем жыллёвай плошчы; жыллёвы аддзел.

жыле́ц, ‑льца, м.

Разм. Асоба, якая жыве ў доме, кватэры; жыхар. Жыльцы дома. // Асоба, якая знімае памяшканне; кватарант. Гаспадары.. [хаты], адзінокія старыя, прывыкшы да таго, што жылец прыходзіў позна, не замыкалі дзвярэй. Хадкевіч.

•••

Не жылец (на гэтым свеце) — пра таго, хто мае дрэннае здароўе, можа скора памерці. Баніфацый Скашынскі ведаў, што з яго здароўем у лесе ён не жылец. Чарнышэвіч.

жы́ліна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і жыла (у 1, 2 і 3 знач.).

жы́лісты, ‑ая, ‑ае.

1. З выпнутымі жыламі, венамі. Выцяг[нуў]шы з каўняра абавераную жылістую шыю, Карпенка азірнуўся на пераезд. Быкаў. [Сцепаніда] села на крэсле, злажыўшы свае смуглыя жылістыя рукі на грудзях. Ермаловіч. // З вялікай колькасцю сухажылля (пра мяса).

2. Сухарлявы, мускулісты (пра чалавека, часткі яго цела). Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік.. гахаў молатам. Даніленка.

3. Разм. Моцны, дужы, вынослівы. — Трэба будзе працы прыкласці, каб вярнуць зямлі даваенную сілу, урадлівасць. Палітая крывёю, яна высмакча і поту нямала... Але нічога, мы народ жылісты. Выцягнем. Шамякін.

жы́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; заг. жылься; незак.

Разм. Натужвацца, пнуцца з усіх сіл, робячы што‑н. Жыліцца на непасільнай рабоце.

жы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Памянш. да жыла (у 1 знач.); тоненькая жыла. Коркія зусім блізка бачыў адрузлы, маршчыністы твар з чырвонымі жылкамі на пераноссі. Самуйлёнак. Вось з-за лесу ўстала сонца, Рассыпае каснікі, Залатыя ручнікі, І цалуе праз аконца Збітых кудзер валаконцы, Жылкі сінія рукі. Колас.

2. Ніць, вырабленая з сухажылля, капрону і пад.; лёска. Па дзень нараджэння тата падарыў сыну дзве вуды з капронавай жылкай. Юрэвіч.

3. Сасудзіста-валакністае патаўшчэнне ў выглядзе ніці ў лістах раслін і крылах насякомых. Павел Ільіч разглядаў малады, шыракалісты фікус, у якім на сонцы прасвечваліся тоненькія жылкі. Гурскі.

4. Ніцепадобная палоска ў горнай народзе, якая вылучаецца колерам. Мармур з чорнымі жылкамі.

5. перан.; якая або чыя. Здольнасць або прыродная схільнасць да чаго‑н. Працоўная жылка. Творчая жылка.

жылкаапера́цыя, ‑і, ж.

Жыллёвая кааперацыя.

жылкава́нне, ‑я, н.

Размяшчэнне жылак у лісці раслін і крылах насякомых. Жылкаванне лісця.