Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ненадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якому нельга верыць, даверыцца; на якога нельга спадзявацца. Ненадзейная ахова. □ Кватэру Качаноў Антохін добра ведаў, і пакідаць там раненага падпольшчыка было небяспечна.. Ён моцна стагнаў, а за сцяной жыла ненадзейная суседка. Новікаў. Васіль уводзіў Вадзягіну ў вушы, што Саўка самы ненадзейны [стараста]. Федасеенка.

2. Які выклікае апасенне сваёй якасцю, трываласцю і пад. Ненадзейныя ўмацаванні. □ Пасля таго, як партызаны разведалі ўчастак, гітлераўцы падкінулі туды ў падмацаванне пяхоту з мінамётамі і некалькі танцаў. Яны ўзмацнілі ненадзейныя для іх пазіцыі. Мележ.

ненадзява́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які не быў ва ўжытку, новы (пра адзенне, абутак). Ненадзяваная кашуля. □ Даўно ненадзяваны фрэнч сціскаў плечы і непрыемна казытаў шыю. Савіцкі.

ненадо́ўга, прысл.

На кароткі час. — Дзе ты быў? — запытаўся.. [бацька] цвёрдым, зусім не хворым голасам. — Ненадоўга на двор выйшаў, тата. Чарнышэвіч. [Шэмет:] — Мы да вас ненадоўга. Пазнаёмімся з гаспадаркай і паедзем. Лобан. [Лясніцкі] павялічваў крок, але ненадоўга — зморанасць перамагала. Шамякін.

ненае́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ненаеднага.

ненае́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога цяжка накарміць; пражэрлівы; заўсёды галодны. Ненаедныя птушкі.

2. перан. Які не можа здаволіцца тым, што мае; прагны. Ненаедная натура. Ненаеднае горла.

ненажэ́ра, ‑ы, м. і ж.

Разм. Пражэрлівы; заўсёды галодны. З бору ляцяць вароны. Выцягнуўшы шыі, дыбаюць па раллі.. Гэтыя ненажэры могуць выбраць усё зерне. Асіпенка.

ненажэ́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і ненажэрны.

ненажэ́рнасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць ненажэрнага.

ненажэ́рны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, якога цяжка накарміць; пражэрлівы. [Валя:] — А дзе Пятро Аляксеевіч? [Марына:] — П’юць, чэрці ненажэрныя, трэці дзень без просыпу. Шамякін. Недзе ляпеча асіна, густа шамаціць чарот на возеры. Адтуль нясуцца цяжкія ўсплёскі — не даюць падрамаць рыбам ненажэрныя шчупакі. Місько. // перан. Здольны паглынуць, перапрацаваць, знішчыць і г. д. у вялікай колькасці. Васіль Малюк зноў адчыніў топку і з нейкай упартай метадычнасцю пачаў кідаць у яе ненажэрнае чэрава паліва. Васілёнак. Сухія смалістыя сцены ўвачавідкі злізваліся ненажэрным агнём. Пальчэўскі.

2. перан. Які не можа здаволіцца тым, што мае; прагны. Што ні зробяць.. [працавітыя] людзі — багатыя ўсё сабе заграбуць і яшчэ паглядаюць, ці не засталося што. Да таго ненажэрныя — страх адзін. Пальчэўскі.

неназіра́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неназіральнага.