Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

немнагасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які перадаецца невялікай колькасцю слоў; лаканічны. — Зняць, абшукаць! — пачулася немнагаслоўная каманда. Лынькоў.

2. Які лаканічна выказвае свае думкі. Звычайна немнагаслоўны, прафесар на гэты раз разгаварыўся. Шахавец. Лёгка і проста было з ёю размаўляць, такім прыемным, мілым субяседнікам была гэтая немнагаслоўная жанчына. «Звязда».

немудраге́лісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Самы звычайны, просты; прымітыўны, нескладаны. Вясёлы ідзе сёння Антон у сталярню, дзе ў збітым з дошак будане стаяць іхнія немудрагелістыя варштаты. Пальчэўскі. Праз паўгода Арцём ужо спрытна кідаў пальцамі па гузіках інструмента.., выводзячы немудрагелістыя мелодыі полек і вальсаў. Пянкрат.

немудра́шчы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і немудрагелісты. Лёгка мы пагрузілі ўсю немудрашчую гаспадарку — ложак, стол, шафу, усякую драбязу. Скрыган. Увесь полк палюбіў Мішку за яго вясёлы нораў, за вялікі спрыт і ўсякае ўмельства ў немудрашчых справах мядзведжых. Лынькоў.

немузыка́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае музыкальных здольнасцей, музыкальнага слыху.

не́мцы, ‑аў; адз. немец, ‑мца, м.; немка, ‑і, ДМ ‑мцы; мн. немкі, ‑мак; ж.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Германіі.

не́мы, ‑ая, ‑ае.

Дзікі, роспачны. Раптам крык, Немы крык, З лесу крык страсянуў цішыню. Куляшоў. Пачуўся гром выбуху, лёскат жалеза, усплёск вады і немы, роспачны голас чалавека... Дуброўскі.

•••

Немым голасам гл. голас.

немэтазго́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць немэтазгоднага; адсутнасць мэтазгоднасці.

немэтазго́дны, ‑ая, ‑ае.

Пазбаўлены мэтазгоднасці. Немэтазгодная трата часу.

ненаве́дванне, ‑я, н.

Няяўка куды‑н. Ненаведванне заняткаў.

ненаві́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак., каго-што.

Адчуваць нянавісць да каго‑, чаго‑н. Вотчыма Макар ненавідзіць. Стараецца нават не сустракацца з ім. Асіпенка. — Вучы ты дзяцей так, каб яны ўжо з маленства ненавідзелі вайну і тых, хто яе жадае. Шамякін. Больш за ўсё на свеце.. [Арлоўскі] ненавідзеў верхаглядства, пустую балбатню. Паслядовіч.