Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

немагчы́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Неажыццявімы, невыканальны. [Каліноўскі] здагадваўся, што без змены эканамічнага, матэрыяльнага жыцця людзей немагчымы якія-небудзь змены грамадскага і дзяржаўнага ладу. Лушчыцкі. // у знач. наз. немагчы́мае, ‑ага, н. Тое, што нельга ажыццявіць, выканаць. [Шафёр:] — Трэба было спытаць, як хлопец дабраўся сюды, як не трапіў у рукі ворагу, а не патрабаваць немагчымага. Кулакоўскі.

2. Такі, што нельга вынесці, выцерпець; нясцерпны. Немагчымая гарачыня. Немагчымы боль. □ Вельмі карэктна Іван Іванавіч пісаў пра немагчымую абстаноўку ў інстытуце. Асіпенка. // Незвычайны. Каб захапіць слухачоў, Генька часта ішоў на самыя немагчымыя гіпербалы. Паслядовіч.

немаёмны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае сродкаў для існавання; бедны. Немаёмныя класы.

немажлі́ва, безас. у знач. вык.

Тое, што і немагчыма.

немажлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць немажлівага.

немажлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і немагчымы (у 1 знач.).

немазлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які не пэцкаецца. Немазлівая тканіна.

немалава́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць немалаважнага.

немалава́жны, ‑ая, ‑ае.

Даволі важны, значны. З размоў.. [Анатоль] вынес адну немалаважную акалічнасць: будаваць камунізм без свядомых адносін да працы нельга. Асіпенка. Немалаважную ролю ў пашырэнні ўсяго новага, перадавога маглі б адыграць асабістыя сустрэчы спецыялістаў. «Звязда».

немалады́, ‑ая, ‑ое.

Сярэдніх год; пажылы. Немалады ён — мой равеснік, Але рухавы, як юнак. Колас. Шафранскі быў чалавек ужо немаладога веку, трошкі грузнаваты. Сабаленка. — Што гэта, дзядзька? — запытаў Анатоль у немаладога ўжо, з мноствам зморшчынак на буйным твары суседа. Мыслівец.

немале́нькі, ‑ая, ‑ае.

Досыць вялікі, значны. Немаленькая зарплата.