нелюдзі́м, ‑а, м.
1. Нелюдзімы чалавек. [Паходня:] — Грыняк — чысцейшай душы чалавек, хоць і здаецца нелюдзімам. Хадкевіч.
2. пераважна мн. (нелюдзі́мы, ‑аў). Вылюдкі, звяры; ворагі. Хай дзесьці точаць зубы нелюдзімы На мірны свет пагрозаю вайны, Вітай, народ вялікае Радзімы, Дзень міру, дружбы, працы і вясны! Звонак.
нелюдзі́масць, ‑і, ж.
Уласцівасць нелюдзімага; панурасць, схільнасць да адзіноты. Суседзі па пакоі скардзіліся на нелюдзімасць Рыгора Стойбы. Асіпенка.
нелюдзі́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Жан. да нелюдзім (у 1 знач.).
нелюдзі́мы, ‑ая, ‑ае.
Які пазбягае людзей, які аддае перавагу адзіноце. Дзядзька Барыс быў нелюдзімы. Урач ведала, што жыве ён ад самай вайны адзін. Даніленка. Характар у дзеда Мацея ад прыроды быў пануры, і вяскоўцы нездарма лічылі яго нелюдзімым. Ляўданскі. // Уласцівы для такога чалавека. Нелюдзімы характар.
не́людзь, ‑я, м.
1. Нелюдзімы чалавек. [Кашырын] страціў веру ў сябе і людзей, замкнуўся ў сваю шкарлупіну, стаў нелюдзем і пачаў выпіваць. Сяргейчык. // Неадабр. Які робіць не па-людску. [Бабка:] — Сын у мяне, дзеткі, нелюдзь такі. З’ехаў з дому, пакінуў калгас, і не тое, каб мне, старой, памагаць, дык яшчэ мяне ўсю абшастаў. Скрыган.
2. пераважна мн. (не́людзі, ‑яў). Вылюдкі, звяры. [Карнікі] былі сапраўдныя нелюдзі, бо іначай не выганялі б яны на сіберны холад старых і малых. Сабаленка.
не́ма, прысл.
1. Дзіка, роспачна (крычаць, галасіць, раўці і пад.). — Давай грошы! Аддай мае грошы! — нема крычаў Яўхім. Колас. [Дзядзька Вінцук:] — Хворыя паўскоквалі з ложкаў і нема крычалі. Машара. Пакараў даў газ, прытрымаў тармазы, і рухавік нема завыў, а потым з неймавернай сілай ірванулася пад самалёт роўным шэрым палатном узлётная паласа. Алешка.
2. Моўчкі, без слоў. Людзі стаялі і нема дзівіліся на цяжкую салдацкую працу. Лынькоў. [Цётка Марыля] не галасіла, як старая маці, а енчыла нема, без слоў. Якімовіч.
немаве́дама, прысл. (у спалучэнні са словамі «што», «як», «адкуль», «куды» і пад.).
Невядома, незразумела. Такі адказны момант, а інжынер, якому даручана важнейшая справа, знаходзіцца немаведама дзе. Шыцік. Рыпучыя колы бежанскай фурманкі мелюць жарству дарогі, якая вядзе немаведама куды. Сабаленка. Шафёр немаведама чаму даў сігнал, ды такі рэзкі, што Карл.. ад нечаканасці шарахнуўся ўбок. Сачанка.
немагу́шчы, ‑ая, ‑ае.
Абл. Слабы, хваравіты. [Стары:] — Немагушчы я, таварыш доктар,.. хачу прасіць у вас, каб, значыцца, на лёгкую работу паставілі. Якімовіч.
немагчы́ма, безас. у знач. вык.
Няма магчымасці, нельга. [Доктар:] — Дадому дабрацца было немагчыма. Васілевіч. Сучасную развітую літаратуру немагчыма ўявіць без рамана і аповесці. Казека.
немагчы́масць, ‑і, ж.
1. Адсутнасць умоў, неабходных для ажыццяўлення чаго‑н. Немагчымасць выкарыстаць сродкі па назначэнню.
2. Невыканальнасць, нездзяйсняльнасць чаго‑н. Немагчымасць стварэння вечнага рухавіка.
•••
Да немагчымасці — звыш усякай меры.