мала́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Разрад атмасфернай электрычнасці ў паветры, звычайна ў выглядзе яркай звілістай лініі. У тым баку, дзе клубілася хмара, бліснула сіняя маланка; счакаўшы трохі, ударыў пярун, заглушаючы ўсё навокал. Новікаў. Сціхае дождж. Радзей аблокі... Усё далей маланка, гром... Лойка.
2. Вельмі тэрміновая тэлеграма. Віншаванняў маланкі, Вітанняў лісты Лістаносцы разнеслі ўсім адрасатам. Панчанка.
3. Невялікая насценная газета, якая выпускаецца ў асоба тэрміновых выпадках і асвятляе неадкладныя і вельмі важныя, надзённыя пытанні. Аб сесіі напаміналі шматтыражка, сатырычная газета-плакат «Аса», «маланкі», карыкатуры. Карпаў.
4. Від засцежкі, якая хутка зашморгваецца. Перад сталом стаяў малады чалавек з папкай на засцежцы «маланка». «Звязда».
5. у знач. прысл. мала́нкай. Вельмі хутка, імгненна. Нядоўга думаючы, кінуўся Міколка маланкай да цягніка. Лынькоў.
маланкаадво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Прыстасаванне для аховы будынкаў ад прамых удараў маланкі. Паставіць маланкаадвод.
мала́нкавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да маланкі (у 1 знач.). Маланкавыя ўспышкі. Маланкавы ўдар.
2. Вельмі хуткі, вокамгненны. Думкі з маланкавай хуткасцю праляталі ў галаве, змяняючы адна другую. Шамякін. Падпольшчыкі і партызаны любілі .. [Каравая і Карніцкага] за шалёную адвагу, за рызыкоўныя маланкавыя налёты на варожыя гарнізоны. Паслядовіч.
маланкападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны на маланку; які нагадвае чым‑н. (формай, імклівасцю і пад.) маланку. Маланкападобны водбліск пражэктара. Маланкападобны рух.
малападрыхтава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае дастатковай падрыхтоўкі, дастатковых ведаў. Малападрыхтаваны тэхнік.
малапажы́ўны, ‑ая, ‑ае.
Недастаткова пажыўны. Малапажыўны корм.
малапаспяхо́вы, ‑ая, ‑ае.
Недастаткова паспяховы. Малапаспяховыя захады.
малапатрабава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які не прад’яўляе вялікіх патрабаванняў да каго‑, чаго‑н. Малапатрабавальныя да святла расліны.
малаперакана́льны, ‑ая, ‑ае.
Недастаткова пераканальны. Малапераканальныя довады.
малаперакана́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Недастаткова пераканаўчы. Малапераканаўчы доказ.