ва́рма, прысл.
У выразе: варма варыць гл. варыць.
варо́жасць, ‑і, ж.
Адносіны і дзеянні, прасякнутыя непрыязнасцю, нянавісцю. Саша адкінулася, і вочы яе бліснулі праз слёзы іскрамі гневу і варожасці. Шамякін. Варожасць — самае горшае ў свеце людскім пачуццё. Вярцінскі.
варо́жы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі непрыязны, поўны варожасці, нянавісці. Варожыя адносіны. Варожы позірк. □ Лес рабіўся больш і больш непрыхільным, чужым, .. варожым. Колас. // Які знаходзіцца ў стане варожасці. Варожыя класы.
2. Непрыяцельскі. Хутка танкі прарваліся ў варожы тыл. Мележ. Вестка аб акружэнні з хуткасцю маланкі даляцела і да варожай абароны, наганяючы смяртэльны жах і дэзарганізуючы абарону. Якімовіч.
варо́на, ‑ы, ж.
1. Птушка сямейства крумкачовых з чорна-шэрым або чорным апярэннем. Вароны на балоце — гаспадар на рабоце. Прыказка.
2. перан. Разм. Пра нерастаропнага, нехлямяжага чалавека.
•••
Белая варона — пра чалавека, які рэзка выдзяляецца чым‑н. сярод іншых.
Варон страляць (лавіць, лічыць) гл. страляць.
Варона загуменная — тое, што і варона (у 2 знач.).
Дурная варона (лаянк.) — пра чалавека, які нешта недагледзеў, не зразумеў, выявіў сваю нерастаропнасць.
(Як) мокрая варона — пра збянтэжанага, разгубленага чалавека.
варо́нін, ‑а.
Які належыць вароне. Вароніна гняздо. Вароніны яйцы.
варо́ніць (звычайна ў інф. або заг.); незак.
Разм. Быць нерастаропным, зяваць. Цяпер не варонь, паварочвайся і рыхтуйся сыходзіць. Жычка.
варо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Яма, утвораная разрывамі снарадаў, мін і пад. У варонках ад снарадаў поўна ржавай вады. Гурскі. Яшчэ да залпаў.. [Андрэй] заўважыў непадалёку свежую варонку ад бомбы. Кулакоўскі.
варо́тніца, ‑ы, ж.
Тое, што і падваротніца. Сабака моўчкі вылез з-пад варотніцы і, віляючы хвастом, пачаў лашчыцца. Галавач.
варо́тны, ‑ая, ‑ае.
Спец. У выразе: варотная вена — буйны вянозны сасуд, які нясе кроў у вароты печані.
варо́тцы, ‑аў; адз. няма.
1. Памянш. да вароты; невялікія вароты.
2. Уваход у двор пры варотах або пры браме; брамка, веснічкі. Тут пачуўся званок, бразнулі варотцы і з’явіўся збянтэжаны Уладзімір Кавальскі. Хведаровіч.