Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нездаля́шчы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Слабы, хваравіты. [Ёўга], старэнькая, нездаляшчая, сядзела насупраць сакратара.., які трымаў перад сабою нейкі лісток паперы, і па сухім маршчыністым твары яе каціліся слёзы. Сачанка. Калі яны — стары і малы — падымаюцца ўгору,.. адразу відаць, які нездаляшчы дзед. Даніленка.

нездарма́, прысл.

Разм. Не без падстаў, не без прычыны. Родная Балтыка! Сінь... Маякі... Любяць цябе Нездарма маракі. Жычка. [Шынкевіч:] — Нас выклікаюць у абком. — Ого! — устрапянуўся Каліта.. — Нездарма інструктар абкома сядзеў у нас цэлы тыдзень. Паслядовіч. // З намерам, не так сабе. Гамрэкелі зразумеў, што Саламон толькі прыкідваецца п’яным і што гэтую гулянку ён завёў нездарма. Самуйлёнак. Міхал адчуваў: механік падышоў нездарма, яму карціць пра нешта расказаць, ды не можа асмеліцца. Карпаў.

нездаро́віцца, ‑віцца; безас. незак.

Пра адчуванне недамагання. — Адпусціў бы, Міхаль, ты мяне дахаты, — кажу, — жонцы з вечара нездаровілася. Сачанка. — Можа, табе нездаровіцца? — пасля кароткага маўчання пытае Лабановіч. Ліда нічога не адказвае. Колас.

нездаро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які недамагае, хварэе на што‑н.; хворы. [Падліпскі:] — Дадому вярнуўся нездаровы і нядужы, тыдні тры адляжаў у пасцелі. Адамчык. — Паедзем сёння, — стаяла на сваім Надзейка. — Дома нас чакаюць, дый Сымонка нездароў. Гурскі. // Які сведчыць аб нездароўі. Лялькевіч выпіў, з’еў гарачай бульбы, і бледны твар яго пакрыўся нездаровымі чырвонымі плямамі. Шамякін.

2. Шкодны для здароўя. Нездаровы клімат. □ Загорскі абводзіў вачыма каморку. Нездаровая. Пад самым дахам. Улетку, відаць, горача, узімку холадна. Караткевіч.

3. перан. Шкодны ў грамадскіх і маральных адносінах. Нездаровыя настроі. Нездаровая крытыка.

нездаро́ўе, ‑я, н.

Недамаганне, хваравіты стан. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты.. Тады Кубец прыехаў да старога Тараса і прапанаваў яму быць старастам. Тарас адмовіўся, спаслаўшыся на старасць і нездароўе. Краўчанка.

нездзяйсня́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нездзяйсняльнага. Нездзяйсняльнасць намеру.

нездзяйсня́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не можа быць ажыццёўлены, выкананы. Нездзяйсняльны план. Нездзяйсняльны праект.

незлапа́мятны, ‑ая, ‑ае.

Які не помніць крыўды, зла; памяркоўны. Чалавек ён незлапамятны.

незласлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць незласлівага. Незласлівасць характару.

незласлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які не выяўляе злосці; дабрадушны. Незласлівы чалавек. □ Характару Максім быў незласлівага, меў схільнасць да гумару лёгкага, з усмешкай. Бачыла. // Які выражае незласлівасць, уласцівы дабрадушнаму чалавеку. Незласлівы тон. □ Для першых гумарэсак К. Крапівы характэрны незласлівыя, жартоўныя інтанацыі. Казека.