разбаза́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разбазарыць.
разбаза́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
Разм. Легкадумна, не па-гаспадарску распрадаць, раздаць што‑н. Казалі, што .. [пан] прайграў у карты, разбазарыў сваю зямлю, і ад вялікага маёнтка застаўся ціхі, недагледжаны хутар. Адамчык.
разбазы́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Абл. Распусціцца, разленавацца. — Майго [сына] трэба было адразу ізаляваць ад такога ўплыву і асяроддзя... Косця ж, гледзячы на гэтага стылягу, сам разбазыраў. Грамовіч.
разбалабо́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Разм. Разнесці (чуткі, пагалоскі і пад.); раззваніць, разбалбатаць. Убачыць хто ў .. [Ігната Апанасавіча] ў руках два вядры трускалак, а разбалабоніць на ўвесь свет ліха ведае што. Усё падлічыць, усё ўзважыць языкастая Будрычыха! Паслядовіч.
разба́лаванасць, ‑і, ж.
Уласцівасць разбалаванага.
разба́лаваны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разбалаваць.
2. у знач. прым. Распешчаны, капрызны, непаслухмяны.
разба́лавацца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; зак.
Разм. Стаць балаўніком; раздурэць.
разба́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.
Празмерна распесціць, зрабіць капрызным, непаслухмяным. Разбалаваць дзяцей.
разбалбата́цца, ‑бачуся, ‑бочашся, ‑бочацца; зак.
Пачаўшы балбатаць, захапіцца балбатнёй. І пакуль яму цырульнік Шчочку выгладзіць пяшчотна, Разбалбочацца аб гульнях, Як закончан матч суботні... Лужанін. І вось дзесь блізка, перш нясмела Зайграў глушэц і абарваўся Ды зноў зачаў, разбалбатаўся. Колас.
разбалбата́ць, ‑бачу, ‑бочаш, ‑боча; зак., што і без дап.
Разм. Расказаць каму‑н. тое, пра што не варта, нельга было расказваць. Браць з сабой цяпер увесь пакунак [Косціку] ніяк не выпадала. Хлопцы пачнуць роспыты, разбалбочуць усё першаму сустрэчнаму. Паслядовіч.