Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

незгаса́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і нязгасны. Алесь марыў, што пройдзе некаторы час і пабяжыць па [слупах].. яркае, незгасальнае святло. Броўка. Ніякі мор і злыя сілы не ў стане патушыць у чалавечым сэрцы незгасальную любоў і імкненне да хараства. Майхровіч.

незгіна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які не згінаецца, не гнецца.

2. перан. Нязломны, цвёрды. Незгінальны характар. // Непахісны, устойлівы. Незгінальны дух.

нездавальне́нне, ‑я, н.

Пачуццё непрыязнасць неадабрэння ў адносінах да каго‑, чаго‑н. «Вось нам бы такога гаспадара!» — гаварылі.. [калінінцы], ужо ўголас выказваючы нездавальненне сваім старшынёй. Брыль. У .. адказе [палешука] настаўнік пачуў нотку нездавальнення. Колас.

нездавальня́юча,

1. Прысл. да нездавальняючы.

2. у знач. наз., нескл., н. Адмоўная ацэнка ведаў студэнтаў і паводзін вучняў.

нездавальня́ючы, ‑ая, ‑ае.

Які не адпавядае пэўным патрабаванням: дрэнны. Нездавальняючыя вынікі. Нездавальняючыя веды.

нездаво́ленасць, ‑і, ж.

Стан нездаволенага, яго пачуцці, перажыванні. У голасе Просі прагучала нездаволенасць. Васілевіч. — Э-э, пачакай, — не тоячы нездаволенасці, сказаў Ваўчок. — Ты хочаш, каб табе ўсё падалі адразу. Хадкевіч. У душы Яўгена Данілавіча расла нездаволенасць Карніцкім. Паслядовіч.

нездаво́ленне, ‑я, н.

Разм. Тое, што і нездавальненне. Па твары.. прабегла ледзь улоўная рыса нездаволення. Гурскі.

нездаво́лены, ‑ая, ‑ае.

Які адчувае нездавальненне. Бушмар стаяў, як жывы, у .. [Аміліных] вачах, з ссунутымі брывамі, нездаволены, упарты... Чорны. // Які не атрымаў задавальнення ад каго‑, чаго‑н. Толькі мы адплылі, як да буфетнай стойкі падышоў пахмурны, нечым нездаволены пасажыр. В. Вольскі. Пані Ганна была вельмі нездаволена паводзінамі дзяцей. Бядуля. // Які выражае нездавальненне. Нездаволены позірк. Нездаволены голас. Нездаволены выраз твару.

нездага́длівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нездагадлівага. [Сцёпка:] — Нядаўна мяне бачыў старшыня калгаса. Прызнацца, пачырванець прыйшлося перад ім. І за што — за нашу нездагадлівасць! Гамолка.

нездага́длівы, ‑ая, ‑ае.

Няздольны хутка здагадвацца, прымаць правільнае рашэнне; някемлівы. — Дай ножык! — Навошта? — спытаў Юра. — Які ты нездагадлівы! — адказала маці, але сын ужо ўсё зразумеў. Гарбук.