рэгістра́тар, ‑а, м.
1. Службовая асоба ва ўстанове, якая праводзіць рэгістрацыю каго‑, чаго‑н. «Кінь, дачушка, — кажа [маці], — галаву скруціш. Лепш ідзі да нас у бальніцу за рэгістратара». Грахоўскі. // Той, хто рэгіструе каго‑н., адзначае яўку каго‑н. Адзначыцца ў рэгістратара.
2. перан. Той, хто адзначае, канстатуе бягучыя з’явы, падзеі. Наш друк, радыё і тэлебачанне не павінны быць толькі рэгістратарамі новых станоўчых з’яў жыцця. «Звязда».
•••
Калежскі рэгістратар — першы, ніжэйшы цывільны чын у дарэвалюцыйнай Расіі.
рэгістра́тарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да рэгістратар.
рэгістра́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэгістратара, належыць яму.
рэгістрату́ра, ‑ы, ж.
Аддзел ва ўстанове, дзе праводзіцца рэгістрацыя каго‑, чаго‑н. [Дзяўчына] працавала ў бальніцы ў рэгістратуры, запісвала на прыём да дактароў хворых. Ермаловіч.
рэгістрацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць, прызначаецца для рэгістрацыі. Рэгістрацыйная кніга.
рэгістра́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэгістраваць.
рэгіяна́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пэўнага рэгіёна. Рэгіянальны слоўнік. Рэгіянальная нарада. Рэгіянальнае пагадненне дзяржаў.
[Ад лац. regionalis — абласны.]
рэгіяна́рны, ‑ая, ‑ае.
У медыцыне — мясцовы, не агульны. Рэгіянарны кровазварот.
рэгла́мент, ‑у, М ‑нце, м.
1. Уст. Інструкцыя, службовы статут, звод правіл. У Куцага чэшуцца рукі да бойкі, але ён ведае рэгламент, дзе сказана, што біць нельга. Пестрак.
2. Устаноўлены, прыняты распарадак з’езда, схода і пад. Устанавіць рэгламент. Рэгламент пленарнага пасяджэння канферэнцыі. // Разм. Час, адведзены згодна з устаноўленым распарадкам на выступленне. Гэта нават не нарада, гэта хутчэй аператыўнае пасяджэнне баявога штаба ў палявых умовах. Рэгламент — тры хвіліны. Уносіць толькі канкрэтныя прапановы. Грахоўскі.
[Ад фр. règlement.]
рэгламентава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэгламентаваць.