незаціка́ўлены, ‑ая, ‑ае.
1. Які не выяўляе цікавасці, увагі да чаго‑н.
2. Не звязаны матэрыяльнымі інтарэсамі з якой‑н. справай. Незацікаўленая асоба.
незачэ́па, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Тое, што і недатыка. — Адкуль вы ўзяліся такая? Гм... — ён [камендант] яўна падбіраў патрэбнае слова. — Ну, як бы сказаць? Суровая... незачэпа такая? Лынькоў.
незачэ́плены, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не парушалі, якому не прычынялі шкоды; цэлы.
незваро́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць незваротнага.
незваро́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не вернецца, не паўторыцца. Эх, шчаслівыя і незваротныя часы! Колас. [Кастусь] успамінаў мінулае — ужо далёкае і незваротнае, але яно хвалявала яго. Марціновіч.
2. Такі, які не можа развівацца ў адваротным напрамку. Незваротны працэс.
незвыча́йнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць незвычайнага. Незвычайнасць ўчынку. Незвычайнасць абставін.
2. Незвычайная з’ява, здарэнне і пад. Усё, што ён робіць, акружана арэолам выключнасці, незвычайнасці. Бярозкін. Можна было падумаць, што, каб увесь свет перавярнуўся верхам уніз,.. [стары чалавек] не здзівіўся б і не паглядзеў бы на гэта, як на незвычайнасць. Чорны.
незвыча́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вылучаецца сярод іншых; выключны. Незвычайная навіна. Незвычайны чалавек. □ Незвычайная падзея настолькі ўразіла Івана Новіка, што ён і сёння расказвае аб гэтым з радасным здзіўленнем. Дадзіёмаў. // Дзівосны, неверагодны. Гэты невялічкі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. // Вельмі моцны па сіле праяўлення; надзвычайны. Незвычайная краса. □ Кожны прыезд дачкі быў для Аляксандры Пятроўны незвычайным шчасцем. Каршукоў.
2. Не такі, як звычайна, як заўсёды; асаблівы. Сход адбыўся праз два дні. Гэта быў крыху незвычайны сход. Шахавец.
3. Такі, да якога яшчэ не прывыклі; непрывычны. Незвычайныя абставіны. □ [Сык] першы раз завітаў у лес, і ўсё тут яму незвычайнае, невядомае. Кандрусевіч.
незгаво́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць незгаворлівага.
незгаво́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Такі, з якім цяжка згаварыцца; упарты. Дзед быў сёння на дзіва незгаворлівы. Ці не здагадаўся, што яго хочуць сасватаць на рызыкоўную справу — асаджваць пчол? Рылько.
незгара́льны, ‑ая, ‑ае.
Які не можа згарэць; зроблены з вогнетрывалага матэрыялу. Людміла Лаўраўна замкнула пустую незгаральную шафу і выйшла на вуліцу. Якімовіч.