Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

незара́зны, ‑ая, ‑ае.

Не здольны заразіць; не інфекцыйны. Незаразныя хваробы.

незарэгістрава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які не прайшоў рэгістрацыі. Незарэгістраваны шлюб.

незасе́ленасць, ‑і, ж.

Стан незаселенага.

незасе́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Не заняты жыхарамі. У вялізным, толькі што адбудаваным доме была незаселеная трохпакаёвая кватэра. Гроднеў.

2. Які не мае насельніцтва. Незаселены востраў.

незасе́яны, ‑ая, ‑ае.

Не заняты пасевамі. Адсюль, ад узгорка, на ўсход пачыналася вялізнае незасеянае і неўзаранае поле — месца для новага завода. Сапрыка.

незаслу́жаны, ‑ая, ‑ае.

Атрыманы не па заслугах. Незаслужаная ўзнагарода. // Несправядлівы. Сэрца ў Веры сціснулася ад незаслужанай крыўды. Паслядовіч.

незатуха́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які не гасне, не затухае. Незатухальнае полымя. // перан. Такі, што не слабне, не спыняецца. Ішлі незатухальныя баі.

•••

Незатухальныя хістанні (спец.) — у фізіцы і радыётэхніцы — хістанні з пастаяннай амплітудай.

незаўва́жаны, ‑ая, ‑ае.

Які не звярнуў на сябе ўвагі; якога не ўбачылі, не выявілі. Імкнучыся прайсці незаўважаным, Змітрок звярнуў за вугал, але Анатоль дагнаў яго. Ваданосаў. [Дазорныя] ляжалі незаўважаныя аж да таго часу, пакуль не разгледзелі знаёмых партызан. Шчарбатаў.

незаўва́жна, прысл.

Разм. Непрыкметна, неўзаметку. Неўзабаве адзін з самалётаў прабег па зямлі, незаўважна адарваўся і знік у ледзь прасветленай прасторы. Кавалёў. За працай незаўважна пралятаў дзень. Асіпенка.

незаціка́ўленасць, ‑і, ж.

Стан незацікаўленага; адсутнасць інтарэсу, цікавасці да чаго‑н.