Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нежыццёвасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нежыццёвага.

нежыццёвы, ‑ая, ‑ае.

Далёкі ад жыцця, ад рэчаіснасць нерэальны. Нежыццёвая прапанова. □ — Дык жа паспрабуй вазьмі дваццаць пяць [цэнтнераў з гектара]. Каму яны сніліся? — усё больш разыходзіўся Ёсіп, пераконваючыся, што прыведзеныя Глебам лічбы нежыццёвыя. Дуброўскі.

нежыццяздо́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нежыццяздольнага.

нежыццяздо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае здольнасці падтрымліваць і захоўваць жыццё. Нежыццяздольныя клеткі арганізма.

2. перан. Няздольны існаваць і развівацца. Нежыццяздольная тэорыя.

незабу́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Травяністая расліна сямейства бурачнікавых з дробнымі блакітнымі кветкамі. Луг тут скрозь стракацеў жоўтым кураслепам, блакітнымі незабудкамі. Краўчанка.

незабы́ўны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што нельга забыць. Велічныя і незабыўныя хвіліны перажывалі людзі. Паслядовіч. На экране адзін за адным праплывалі незабыўныя эпізоды. Краўчанка.

незабяспе́чанасць, ‑і, ж.

1. Стан незабяспечанага. Незабяспечанасць прадпрыемства сыравінай.

2. Недахоп сродкаў для існавання. З вялікімі цяжкасцямі, не зважаючы на матэрыяльную незабяспечанасць, Робсан наступае ва універсітэт. «Беларусь».

незабяспе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае дастатковых сродкаў для існавання. Незабяспечаны чалавек.

2. Які не мае забеспячэння. Незабяспечанае грашовае абавязацельства.

незаве́ршанасць, ‑і, ж.

Стан незавершанага; незакончанасць. Незавершанасць праекта.

незаве́ршаны, ‑ая, ‑ае.

Які не даведзены да завяршэння; незакончаны. Незавершаны твор. // З незакончаным верхам. На адным з незавершаных стагоў стаяў чалавек у белай кашулі, падхопліваючы віламі калматыя бярэмкі сена, што падаваліся з зямлі. Гамолка.