Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

малале́цтва, ‑а, н.

Тое, што і маленства. Ой ты, маё сонца, Як жа свеціш ясна! Дзе ж было раней ты, Як быў я няшчасны? Як я ў малалецтве Радасці не ведаў. Купала.

малалі́касць, ‑і, ж.

Уласцівасць малалікага; малаколькаснасць. Малалікасць групы.

малалі́кі, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і малаколькасны. Малалікая ўпачатку група Бондара, якая перабралася на правы бок чыгункі, імкліва абрастае людзьмі. Навуменка.

малалітра́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Разм. Малалітражны аўтамабіль.

малалітра́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае мала вадкасці, мае невялікі літраж. Малалітражны бак.

2. Які расходуе мала гаручага; з цыліндрамі невялікага літражу (пра аўтамабіль). Малалітражны аўтамабіль.

малалю́днасць, ‑і, ж.

Стан малалюднага. Малалюднасць вуліц.

малалю́дны, ‑ая, ‑ае.

З невялікай колькасцю людзей, немнагалюдны. «Куды ж цяпер падацца?» — запытаў у мыслях самога сябе Лабановіч, апынуўшыся на .. малалюднай плошчы. Колас.

маламаёмаснасць, ‑і, ж.

Уласцівасць маламаёмаснага.

маламаёмасны, ‑ая, ‑ае.

Які мае мала маёмасці; небагаты. Маламаёмаснае насельніцтва.

маламаёмны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і маламаёмасны. Маламаёмнае сялянства.