жывёлагадо́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да жывёлагадоўлі, звязаны з ёй. Ад Нёмана, які прыгожа выгінаецца ля жывёлагадоўчай фермы, ішоў на шырокі двор калгасны статак. Бялевіч.
жывёланарыхто́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з нарыхтоўкай жывёлы, прызначаны для яе. Жывёланарыхтоўчая кантора.
жывёліна, ‑ы, ж.
Тое, што і жывёла (у 1 знач.); адна асобная жывёла. Па дрэве шмыгнула нейкая новая жывёліна, крыху падобная да вавёркі. Маўр.
жывёлінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да жывёліна.
жывёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Памянш. да жывёла (у 1 знач.); невялічкая жывёла. Вада адышла ад берага і пакінула на дне шмат жывёлак. Маўр.
2. Ласк. да жывёла (у 2 знач.).
жывёльны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да жывёлы, жывёл. Жывёльны свет. Жывёльны арганізм. // Атрыманы ад жывёла прыгатаваны з арганічных рэчываў, якія ёсць у целе жывёлы. Жывёльнае масла. Жывёльныя бялкі.
2. Такі, як у жывёл; падсвядомы, чыста фізіялагічны. Візэнер сядзеў нерухома — жывёльны страх скаваў яму цела і язык. Шамякін. // перан. Грубы, нізкі. Жывёльныя пабуджэнні.
жыві́льны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які жывіць, падтрымлівае жыццядзейнасць. Жывільнае карэнне. Жывільныя рэчывы. // перан. Жыватворны, асвяжальны. [Зямля] ўліла ў .. [Рыгораву] істоту жывільны сок, струмень бадзёрасці. Гартны.
жыві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Тое, што надае каму‑, чаму‑н. жывасць, прывабнасць, своеасаблівасць. Чалавек з жывінкай. Працавалі з жывінкай. □ Упершыню з’явілася чырвоная жывінка на жоўтым, схуднелым і высахлым да немагчымасці твары. Лынькоў.
жыві́ца, ‑ы, ж.
Вадкая празрыстая смала, якая выцякае са ствалоў хвойных дрэў у месцах іх пашкоджання. Высокія сосны сустрэлі Сашку ціхім, задумлівым шумам. У многіх месцах на іх ствалах выступіла празрыстая, як сляза, смала-жывіца. Даніленка. На смалістых суках свяціліся застылыя кроплі жывіцы. Кавалёў.
жыві́цца, жыўлю́ся, жы́вішся, жы́віцца; незак.
1. Карміцца, харчавацца. [Родны:] Што ж, тыгр — звер, як звер. Яму так прыродай вызначана — жывіцца мясам. Крапіва. Наступалі голад і смага. Байцы жывіліся жменяй макухі, дзесяткам гарошын. «Звязда». // Здабываць сродкі для існавання. Людзі з трох вёсак займаліся вырабам гонты і гэтым жывіліся. Чорны. Што зарабіць Эльза, шыючы сукенкі пападзянкам, тым толькі і жывілася з бацькамі. Гарэцкі.
2. Забяспечвацца тым, што неабходна для нармальнага існавання, развіцця, дзейнасці. Ірвецца [расток] да святла, расце бясконца І п’е зямлі сыры духмяны сок, І жывіцца магутнай сілай сонца... З. Астапенка. Маторы ў майстэрнях жывяцца электрычнай энергіяй. Шахавец. // перан. Падтрымліваць, узмацняцца чым‑н. (пра разумовую і творчую дзейнасць, псіхічны стан і пад.). [Беларуская] сатыра ўрастала ў народную глебу, жывілася яе сокамі. Казека. У многіх аўтараў паэзія жывіцца ўспамінамі. «ЛіМ».
3. Разм. Атрымліваць для сябе выгаду, карысць; нажывацца, абагачацца. — Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся. Лынькоў.