недапячы́ся, ‑пячэцца; пр. недапёкся, ‑пяклася, ‑пяклося; зак.
Не зусім добра прапячыся. Пірагі недапякліся.
недарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што і чаго.
Не давесці якую‑н. справу, работу да канца. Па-ранейшаму [Сыча] не пакідала такое хваляванне, нібы ён нечага не прадугледзеў, нечага недарабіў. Паслядовіч.
недарабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да недарабіць.
недарава́льна, прысл.
1. Прысл. да недаравальны. Касцянок балюча перажываў.. прастой у такі час, калі калгасы зоны зноў, як і ў мінулым годзе, недаравальна зацягвалі сяўбу жыта. Шамякін.
2. у знач. вык. Не заслугоўвае прабачэння. [Чарняхоўскі:] — Вам даверылі важнейшую справу — разведку, лёс тысяч людзей, а вы, відаць, дастаткова не цэніце гэта... Разведчыку гэта недаравальна... Мележ.
недарава́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць недаравальнага. Недаравальнасць ўчынку.
недарава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які нельга дараваць, прабачыць. [Дзяміду Сычу] здавалася, што ён зрабіў нейкую вялікую, недаравальную памылку. Паслядовіч. [Кірык] разумеў, што сказаў недаравальныя словы, што праз іх можна страціць аўтарытэт. Лупсякоў.
недарагі́, ‑ая, ‑ое.
Параўнальна танны, памяркоўны (па цане). Недарагая мэбля. □ Над сталом — вісячая недарагая лямпа. Купала. // Такі, дзе танна каштуе што‑н. Недарагая сталовая.
недаразві́тасць, ‑і, ж.
Стан і ўласцівасць недаразвітага; недастатковае развіццё. Недаразвітасць арганізма.
недаразві́ты, ‑ая, ‑ае.
Які не дасягнуў поўнага развіцця, затрымаўся ў росце, развіцці. Недаразвітае насенне. // Які вылучаецца недастатковым развіццём разумовых здольнасцей. Недаразвітае дзіця.
недаразві́цца, ‑разаўецца; зак.
Затрымацца ў росце, развіцці.