Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

удакладня́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да удакладніцца.

2. Зал. да удакладняць.

удакладня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да удакладніць.

уда́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць удалага.

удале́ц, ‑льца, м.

Смелы, адважны, храбры чалавек. Многа зім і лет мінае. Днём і ноччу з той пары Удальца яна [дачка цара] чакае — Не імчыцца конь з гары. Зарыцкі.

уда́леч, прысл.

Разм. У далёкі прастор, на далёкую адлегласць; далёка ўперад. Карней Пятровіч прыстаўляе да вачэй руку і ўзіраецца ўдалеч. Даніленка. Гучны плёск пакаціўся ўдалеч. Гамолка. Сядзіць Садко, на гуслях грае. Удалеч музыка плыве... Аўрамчык.

уда́лечы, прысл.

Абл. Удалечыні. Усё ўдалечы зацягнула дымам. Мележ. А трава высокая, густая, Не акінуць вокам луг такі, То бяжыць і ўдалечы знікае, То падходзіць блізка да ракі. Астрэйка.

удалечыні́, прысл.

На значнай адлегласці, далёка. Дзесьці ўдалечыні цямнее зубчасты грэбень лесу. Шыловіч. Удалечыні бліснуў промень пражэктара. Васілёнак.

удалечыню́, прысл.

На далёкую адлегласць, у далёкі прастор, далёка ўперад. Юліян Козіч .. пасвятлеўшымі вачыма паглядзеў удалечыню, на тыя агароды, дзе пачынаўся зялёны луг. Бялевіч.

уда́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які завяршаецца ўдачай; удачны, паспяховы. Удалы баявы вылет. □ Байсак быў у лагодным настроі пасля ўдалай вылазкі на шашу. Лынькоў. Рэйд той наш, па сутнасці першы, быў ўдалы. Шамякін.

2. Вельмі добры. Удалая пшаніца. □ Кузьма славіцца сваім квасам на ўсю ваколіцу — ні ў кога ён не бывае такім удалым, як у Кузьмы. Пестрак. Здаецца, ні адзін год не была такая ўдалая сенажаць! Нікановіч. Удалая восень стаяла ў гэтым годзе. Чарнышэвіч. У жыцці ўсім удалым, У прыгодах-уцехах Міхасю скрозь гучала Адшуканае рэха. Кірэенка. / Пра людзей, жывыя істоты. Нездарма вяла [маці] ў святліца, За дубовы стол саджала. Слёзы капалі расіцай, Што сынок такі ўдалы. Купала. // Які адпавядае якім‑н. патрабаванням, падыходзіць для чаго‑н. Месца пад бальніцу выбрана ўдалае, ля самага бору, у закутку, крыху наводшыбе. Пестрак. Ды не зусім удалы час выбраў для знаёмства .. Нервы .. [Стасі] здалі, яна зрабілася запальчывая. Карпюк. Усё бегаючы па пакоі,.. [Іван Іванавіч] быў, здаецца, на мяжы адчаю, ды раптам ад нейкай удалай думкі ўраз успыхнуў надзеяй і ўскінуў руку. Быкаў. // Правільны, верны. Гульня пайшла жвава, і праз некалькі ўдалых ходаў Зоя выйшла пераможцай. Якімовіч.

3. Здатны на ўсё; спрытны, умелы. [Ігнат] хлапец .. удалы і на навуку, і на працу, куды хочаш! Чарнышэвіч. [Пракоп:] — Чыста ў вас, хораша. І няўжо ж гэтак у вас штодзень. Ці можа жонка ваша такая ўдалая гаспадыня? Колас.

4. Смелы, адважны, храбры; хвацкі. [Яношык:] — Каб была пры мне дружына Юнакоў — хлапцоў удалых, Ускалыхнуў бы я Карпаты. Бажко.

•••

Удалая галава гл. галава.

удалячы́нь, прысл.

Тое, што і удалечыню. Дзед, дайшоўшы да Чырвонай рэчкі, заўсёды здымае шапку і нейкі час стаіць у задуменні, пазіраючы кудысьці ўдалячынь. Шуцько. І вецер стэпавы, крылаты Нясе іх [дзяўчат] спевы ўдалячынь... Броўка.