жыватво́рчы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і жыватворны. Жыватворчы ўплыў. □ Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла. Колас.
жыве́ц, жыўца, м.
Маленькая жывая рыбка, якая насаджваецца на кручок пры лоўлі буйной драпежнай рыбы. — Сёння і шчупак павінен браць. Можна будзе на жыўца паспрабаваць. Лобан. // Вуда, якая нажыўляецца такой рыбкай. Паставіць жыўца.
жывёла, ‑ы, ж.
1. Усякая жывая істота, акрамя раслін. Дзікія жывёлы. Млекакормячыя жывёлы. // Усякая жывая істота ў процілегласць чалавеку. Ні чалавек, ні жывёла не можа ступіць на гэтыя нетры Гнілога балота. Колас.
2. зб. Свойская сельскагаспадарчая скаціна і птушка. Племянная жывёла. Пагалоўе жывёлы. Буйная рагатая жывёла. □ Другі гурток другой жывёлы, Дзесятак кур, пявун вясёлы Каля платоў чарвей шукалі. Колас.
жывёлабо́ец, ‑бойца, м.
Рабочы, які займаецца забоем жывёлы і першапачатковай апрацоўкай туш.
жывёлабо́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да забою жывёлы, прызначаны для забою жывёлы. Жывёлабойная пляцоўка.
жывёлаво́д, ‑а. М ‑дзе, м.
Спецыяліст у галіне жывёлагадоўлі. [У бібліятэцы] былі брашуры аб вопыце жывёлаводаў калгаса.., аб кармленні малочных кароў. Шчарбатаў.
жывёлаво́дства, ‑а, н.
Тое, што і жывёлагадоўля.
жывёлагадо́вец, ‑доўца, м.
Тое, што жывёлавод.
жывёлагадо́ўля, ‑і, ж.
Галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца развядзеннем сельскагаспадарчай жывёлы. Прадукты жывёлагадоўлі. Інтэнсіўная жывёлагадоўля. □ Жывёлагадоўля ў калгасе «Рассвет» набыла сапраўды гіганцкі размах. Кухараў. // Навука аб развядзенні і ўдасканаленні сельскагаспадарчай жывёлы. Лекцыі па жывёлагадоўлі.