недалі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да недалічыць.
недалічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.
Выявіць пры падліку недахоп, адсутнасць каго‑, чаго‑н. Рэвізія недалічылася шасцідзесяці трох рублёў. Лобан. Праз некалькі гадзін мы недалічыліся двух чалавек. Дамашэвіч.
недалічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., што і чаго.
1. Не закончыць лічэння, падлікаў чаго‑н.
2. Тое, што і недалічыцца.
недало́мак, ‑мка, м.
Абл. Кавалак якога‑н. зламанага прадмета. [Тварыцкі] пераклаў недаломак дугі на другое плячо і рушыў далей. Чорны.
недало́ў, ‑лову, м.
Улоў меншы нормы. // Частка ўлову, якой не хапае да вызначанай нормы.
недалу́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лузе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм.
1. Слабы, хваравіты чалавек; інвалід. [Лятун:] — Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш. Лынькоў.
2. Няспрытны, няўмелы чалавек; недарэка, няўклюда. — Чаго поркаешся? От, недалуга, — гукнула Марфа знізу. — Хутчэй. Савіцкі.
недалу́жнасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць і стан недалужнага.
недалу́жны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Слабы, хваравіты. Быў гэты певень крыху недалужны, кульгаў на адну нагу. Лынькоў. // Бяссільны. Пакуль пануе звон ланцужны, То твой пратэст — крык недалужны. Колас.
2. Непрыглядны, няскладны, няўклюдны. З выгляду [чалавек] так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч. // Недарэчны, сказаны не да месца. [Лясніцкі] хацеў быў перавесці.. [Нініны словы] на жарт, але замест гэтага вырваўся з вуснаў недалужны дакор. Зарэцкі.
3. перан. Недалёкі, прастакаваты. [Рыбаку] на хвіліну здалося, што Партноў.. нейкі недалужны блытанік, але тут жа ён здагадаўся: следчы хоча заблытаць яго. Быкаў.
недальнаба́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць недальнабачнага; няўменне прадбачыць.
недальнаба́чны, ‑ая, ‑ае.
Няздатны прадбачыць вынікі чаго‑н., непрадбачлівы. Недальнабачны чалавек. // Заснаваны на няздатнасці правільна прадбачыць. Недальнабачная палітыка.