навучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго, чаму і з інф.
1. Перадаць якія‑н. навыкі, веды, уменне рабіць што‑н. Навучыць рамяству. Навучыць гуляць у шахматы. □ [Аляксей] мяне навучыў чытаць і любіць кнігу. Скрыпка.
2. Разм. Падвучыць, падгаварыць зрабіць што‑н. — Хто навучыў вас прадставіць у суд фальшывы план? — грозна спытаў у.. [Рыгора] пракурор. Бажко.
3. Даць параду, указанне. — Барташэвіч, братачка, навучы, як заслужыць [дзявочую ласку]! — не адставаў няпрошаны сведка. Карпюк. [Зарына:] Навучы ты, сасна векавая, Як пакуты мае перажыць... Бачыла.
4. Прымусіць зразумець што‑н., пераканаць у чым‑н. Жыццё навучыла кіраўніка калгаса правільна ацэньваць абстаноўку. «ЛіМ».
навучэ́нец, ‑нца, м.
Той, хто навучаецца, вучыцца ў старшых класах сярэдніх школ, тэхнікумах, вучылішчах і іншых сярэдніх навучальных установах. Побач стаяў невысокі хлопец у форме навучэнца чыгуначнага вучылішча. Васілёнак. Знайшлі мы сабе добрую кватэру. Мы — чацвёра навучэнцаў настаўніцкай семінарыі. Дубоўка.
навучэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да навучэнец.
навучэ́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да навучэнца, навучэнцаў. Навучэнская моладзь.
наву́шнікі, ‑аў; адз. навушнік, ‑а, м.
1. Частка шапкі, якая адкладаецца на вушы, або спецыяльнае прыстасаванне для засцярогі вушэй ад холаду. Міхась ходзіць з голымі рукамі, хоць рукавіцы ў кішэні, грудзіна заўсёды расхрыстаная, у самы вялікі мароз не апусціць навушнікаў у шапцы. Дамашэвіч.
2. Прылада для слухання гукаперадач, якая складаецца з двух слыхавых апаратаў, што надзяваюцца на вушы. Сяргей яшчэ некалькі разоў перадаў пазыўныя, паслухаў і нервова зняў навушнікі. Няхай. Каля стала белагаловы хлапчук круціць дэтэктарны прыёмнік і нешта слухае ў навушніках. Кучар.
навыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Выбіць у вялікай колькасці. Навыбіваць кліноў. Навыбіваць медалёў. Навыбіваць чэкаў. Навыбіваць калдобін.
навыбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
1. Сабраць нейкую колькасць ўраджаю бульбы, агуркоў і пад. Навыбірае сусед кашы тры бульбы, гладкай, жаўтавата-белай, і ссыпле ў мяшок. Кулакоўскі.
2. Выбраць нейкую колькасць чаго‑н. Навыбіраць спелых яблык.
навыбрако́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
Пры выбракоўцы значную колькасць чаго‑н. адкінуць як недабраякаснае, неадпавядаючае стандарту. Навыбракоўваць касцюмаў. Навыбракоўваць кароў.
навывалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Разм. Выцягнуць волакам адкуль‑н. у вялікай колькасці. Навывалакаць бярвення з ракі.
навы́варат, прысл.
1. Унутраным бокам наверх. Надзець кашулю навыварат.
2. перан. Разм. Наадварот. Разумець усё навыварат.