Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

варажба́, ‑ы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. варажыць (у 1 знач.).

варажбі́т, ‑а, М ‑біце, м.

Той, хто займаецца варажбою.

варажбі́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да варажбіт.

варажбі́тны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: варажбітная песня гл. песня.

вара́жскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да варагаў. Варажскія плямёны.

варажы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; незак.

1. Адгадваць будучае або мінулае па картах, лініях рукі і пад. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варажыць цыганка. Багдановіч. [Ліза] з Наталлю дасталі з-за люстэрка растрыбушаную, як вата, калоду карт і варажылі. Чорны. Варожаць сёстры. Над лучынай Льюць воск у поўнае вядро. Бялевіч.

2. Меркаваць, рабіць здагадкі. [Люба:] — Чалавек дзесяць перапытала. Адны гавораць, паехалі на Ру дню, другія — к Дняпру. Вось тут і варажы. Шамякін. [Папас і Галіна] варажылі, як будзе заўтра, ці прыйдуць на свята сяляне з суседніх вёсак. Галавач. [Начальнік заставы:] — Што тут доўга варажыць, Хочаш разам з намі жыць? А. Александровіч.

3. Прадракаць, прадказваць. [Дзед:] — Прыйдуць дні, аб якіх вякі варажылі, Пра якія ў казках адно гаварылі. Танк. Мой дзед ведаў прыкметы надвор’я. З вечара, гледзячы ўгору, варажыў пагоду на раніцу. Грамовіч. Зязюлі варожаць і кнігаўкі жаляцца, І глушаць усіх салаўі. Панчанка.

4. Разм. Вабіць, зачароўваць. І чаруе, і варожыць шаўкавістая трава. Хведаровіч. І струны на гуслях, І струны ў сэрцы, Як вокліч у пушчы, Завуць і варожаць. Бядуля.

5. перан. Разм. Па-майстэрску, падобна чараўніку, працаваць над чым‑н. [Скульптар] варажыў над пластылінам. Скрыган.

•••

Бабка надвае варажыла гл. бабка ​1.

варажэ́нне, ‑я, н.

Тое, што і варажба. Святкі ішлі далей: у танцах, пераапрананнях, варажэннях, у палёце санак, ахутаных вясёлкавым снежным пылам. Караткевіч.

вараку́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Сінягорлая птушка атрада вераб’іных, сустракаецца ў невялікай колькасці пераважна ў сырых месцах, зарослых хмызняком або дробным лісцевым лесам.

вара́н, ‑а, м.

Род буйных яшчарак, якія водзяцца ў паўднёвых краінах.

варане́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вараніць.

2. Слой вокіслу, утвораны на паверхні металічнага прадмета шляхам награвання або хімічнай апрацоўкі.