варажыць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; незак.
1. Адгадваць будучае або мінулае па картах, лініях рукі і пад. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варажыць цыганка. Багдановіч. [Ліза] з Наталлю дасталі з-за люстэрка растрыбушаную, як вата, калоду карт і варажылі. Чорны. Варожаць сёстры. Над лучынай Льюць воск у поўнае вядро. Бялевіч.
2. Меркаваць, рабіць здагадкі. [Люба:] — Чалавек дзесяць перапытала. Адны гавораць, паехалі на Ру дню, другія — к Дняпру. Вось тут і варажы. Шамякін. [Папас і Галіна] варажылі, як будзе заўтра, ці прыйдуць на свята сяляне з суседніх вёсак. Галавач. [Начальнік заставы:] — Што тут доўга варажыць, Хочаш разам з намі жыць? А. Александровіч.
3. Прадракаць, прадказваць. [Дзед:] — Прыйдуць дні, аб якіх вякі варажылі, Пра якія ў казках адно гаварылі. Танк. Мой дзед ведаў прыкметы надвор’я. З вечара, гледзячы ўгору, варажыў пагоду на раніцу. Грамовіч. Зязюлі варожаць і кнігаўкі жаляцца, І глушаць усіх салаўі. Панчанка.
4. Разм. Вабіць, зачароўваць. І чаруе, і варожыць шаўкавістая трава. Хведаровіч. І струны на гуслях, І струны ў сэрцы, Як вокліч у пушчы, Завуць і варожаць. Бядуля.
5. перан. Разм. Па-майстэрску, падобна чараўніку, працаваць над чым‑н. [Скульптар] варажыў над пластылінам. Скрыган.
•••
Бабка надвае варажыла гл. бабка 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)