недагава́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да недагаварыць.
недагавары́ць, ‑гавару, ‑гаворыш, ‑гаворыць; зак., што і чаго.
Выказаць не ўсё; скрыць, утаіць свае думкі, намеры. Лепш недагаварыць, чым перагаварыць. Прыказка.
недагаво́ранасць, ‑і, ж.
Няпоўнае выказванне, замоўчванне чаго‑н.
недагаво́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад недагаварыць.
2. у знач. наз. недагаво́ранае, ‑ага, н. Тое, што не выказана; недагаворка. Да Міхася зноў прыйшла Таня дагаварыць недагаворанае раніцай. Машара.
недагаво́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. недагаворваць.
недагаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да недагаварыць.
недагаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Няпоўнае выказванне, у якім замоўчваецца што‑н. або маецца намёк на што‑н. — Можаце гаварыць усё, што думаеце, капітан, — прамовіў [Глівіц] як мага мякчэй. — Недагаворкі толькі шкодзяць. Навуменка. У кожным лісце былі намёкі, недагаворкі і шматкроп’і. Грахоўскі.
недага́рак, ‑рка, м.
Рэшткі чаго‑н. недагарэлага. У будане спакойна мне, Мільгае свечкі недагарак. Астрэйка. Амаль кожны падкідае ў агонь што-небудзь з рэштак паліва: то сухую галінку, .. то шышку, то недагарак. Кулакоўскі.
недагарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Які не згарэў поўнасцю. На свежай зімняй высецы валяліся недагарэлыя сукі і трэскі. Хомчанка.
недагле́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад недагледзець і недаглядзець.