недаве́р, ‑у, м.
Тое, што і недавер’е. [Маёру] хацелася верыць гэтаму чалавеку, і ў той жа час нешта прымушала адносіцца да Далінкі з недаверам. Асіпенка. Слухалі яго кіраўнікі вобласці ўважліва, але часам Мікола чытаў на іх твары затоены недавер. Новікаў.
недаве́рак, ‑рка, м.
Разм. Той, хто не верыць у што‑н.; недаверлівы чалавек. Старэйшыя сачылі за пошукамі Сазонава, і кожны імкнуўся падтрымаць яго. Насмешнікаў або недаверкаў не было. Лось.
недаве́р’е, ‑я, н.
Адсутнасць давер’я, падазроныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Далейшая размова збліжае .. [Андросаву і Лабановіча], рассейвае тое недавер’е і тую асцярожнасць, што замінаюць выяўленню шчырасці і адкрытасці паміж людзьмі, асабліва малазнаёмымі. Колас. Людское недавер’е — бадай самая страшная рэч. Карпаў. // Сумненне ў верагоднасці, праўдзівасці чаго‑н. — Прыязджайце лепш у Маскву вучыцца ў медінстытут. — Няўжо праўда? — з радасным недавер’ем вырвалася ў Алесі. Васілевіч.
•••
Вотум недавер’я гл. вотум.
недаве́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць недаверлівага; недаверлівыя адносіны. [Карызна] зрабіў паўзу, і ў яго поглядзе Вера зноў заўважыла тую крыўдную для яе.. недаверлівасць. Зарэцкі.
недаве́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Які не давярае людзям, схільны да недавер’я. Расказваў хлопец так шчыра і падрабязна, што самыя недаверлівыя людзі паверылі яму. Шамякін. [Валя] зрабілася вельмі недаверліваю, не пераставала думаць, што ад яе нешта тояць. Мележ. // Які выражае недавер’е. Позірк Шалюты быў стрыманы, калючы, недаверлівы, позірк Варановіча — вясёлы, усмешлівы, з нейкай вострай думкай у вачах. Дуброўскі.
недаве́ршаны, ‑ая, ‑ае.
Не зусім закончаны. Радасна было бачыць будаўнічыя пляцоўкі, чырвоныя недавершаныя сцены, вежавыя краны з выцягнутымі стрэламі. Мележ.
недаво́рвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да недаворваць.
недаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да недаараць.
недаву́к, ‑а, м.
Тое, што і недавучка (пра мужчыну).