адраі́цца, ‑раіцца; зак.
Выдзеліцца з старога роя і стаць самастойным роем.
адра́іць, ‑ра́ю, ‑ра́іш, ‑ра́іць; заг. адра́й; зак.
Параіць не рабіць чаго‑н., адгаварыць ад чаго‑н. Ходзячы па палосках,.. [каморнік] паспрабаваў з адным, з другім пагаварыць, каб адраіць араць, але хутка.. безнадзейна махнуў рукой і пайшоў у вёску. Галавач. [Марына:] — Нашаму заводу былі прапанавалі выпускаць легкавыя машыны, аднаму цэху, ці што, але Арцём Паўлавіч адмовіўся. — Ці не ты адраіла? — усміхнуўся Андрэй. Шахавец.
адраі́ць, ‑раю́, ‑раі́ш, раі́ць; раі́м, ‑раіце́; зак.
Аддзяліць частку пчол для ўтварэння новага роя.
адрака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да адрачыся.
адрамантава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адрамантаваць.
адрамантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
Паправіць, зрабіць прыгодным для карыстання што‑н. сапсаванае. Адрамантаваць трактар. □ Стафанковічы адрамантавалі млын, як мае быць, і гаспадар пусціў яго ў ход у першую вялікую адлігу. Чорны. // перан. Жарт. Вылечыць.
адра́нак, ‑нку, м.
Абл.
1. Ранак. Брыду адранкам ля ракі, збіваючы расу, І самапал на два куркі На выпадак нясу. Броўка.
2. Ранішняя пасьба кароў. Сонца стаяла высока — бралася пад паўдня. Такой парой гоняць дамоў з адранку скаціну. Пташнікаў.
адранцве́ласць, ‑і, ж.
Стан адранцвелага. Раней усімі сіламі.. [Мацвей] імкнуўся перамагчы ў Марыне тую адранцвеласць, якая доўга не праходзіла пасля таго, як яна вярнулася з фашысцкай няволі. Шарахоўскі.
адранцве́лы, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў стане адранцвення. // Які страціў адчувальнасць; знямелы, здранцвелы, адзеравянелы. Коля тым часам прывязаў каня да маладой сасонкі, а сам пачаў тупаць па дарозе, размінаючы адранцвелыя ногі. Якімовіч. Уплёўшыся за .. [вяроўку] адранцвелымі пальцамі, Ігнась разгойдваў язык звана. Чарнышэвіч.
адранцве́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. адранцвець.
адранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць нерухомым, замерці, знямець. — Змоўчы, быдла! — гаркнуў раптам палкоўнік, і пан Зыгмунт зусім адранцвеў. Лынькоў. Прыдушаная нечуванаю бядотаю, маці раптам адранцвела і доўга не магла паварушыцца. Якімовіч. // Страціць адчувальнасць, адзеравянець. [Мікалай:] — Эх, і любіла.. [Ніна] песні! Да поўначы іншы раз слухала. У мяне ўжо адранцвеюць пальцы, а яна ўсё просіць іграць і пець. Шашкоў. Малілася [Лісавета] горача і доўга, не чула, што адранцвелі калені, але малітвы не прыносілі супакаення. Чарнышэвіч.