адраджа́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адрадзіцца.
2. Зал. да адраджаць.
адраджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адрадзіць.
адраджэ́нне, ‑я, н.
1. Абуджэнне да новага жыцця; аднаўленне пасля перыяду разбурэння, заняпаду і пад. Мікалай усёй сваёй істотай адчуваў вясенняе адраджэнне. Дамашэвіч. З другой паловы XIX стагоддзя амаль адначасова пачалося адраджэнне ўкраінскай і беларускай пісьменнасці ва ўмовах царскага самадзяржаўя і развіцця капіталістычных адносін. Юргелевіч. У кароткіх і простых словах расказаў Сцёпка сходу аб задачах эканамічнага адраджэння краіны. Колас. // Аднаўленне, адбудова чаго‑н. знішчанага, разбуранага. Пасляваеннае адраджэнне завода. □ А нам варта было б з зялёнага дрэва, як з лёгкай рукі, і пачынаць адраджэнне свайго калгаса. Кулакоўскі.
2. (з вялікай літары). Перыяд у культурным і ідэалагічным развіцці раду краін Еўропы, які наступіў пасля сярэдневяковага застою, з зараджэннем капіталістычных адносін, і адзначаны росквітам навук і мастацтваў; Рэнесанс. Простая беларуская сялянка нагадвала партрэты жанчын італьянскіх майстроў часоў Адраджэння. Бядуля.
адраджэ́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да адраджэння. Адраджэнскі рух. Адраджэнскія ідэі.
адрадзі́цца, ‑родзіцца; зак.
Стаць зноў жывым; аджыць. // Абудзіцца да новага жыцця; аднавіцца, паявіцца зноў. І адродзіцца, уваскрэсне Ціхая слава твая, Хірасіма. Дзяргай.
адрадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.
Аднавіць пасля перыяду разбурэння, заняпаду, часовага знікнення; выклікаць уздым, росквіт чаго‑н. Адрадзіць прамысловасць, гаспадарку. Адрадзіць традыцыі. □ Тое, што.. [Наталля Пятроўна] так хвалюецца, адрадзіла ў Сяргея надзею, якая амаль ужо згасала. Шамякін. [Андрэй:] «Ты сваім лістом усхвалявала мяне да апошняга, адрадзіла ўсё, што было між намі». Пестрак.
адраза́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адрэзацца.
2. Зал. да адразаць.
адраза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адрэзаць.
адразны́, ‑ая, ‑ое.
1. Прыстасаваны для адразання, які адразаецца. Адразны талон.
2. Не суцэльны, прышыты. Адразная сукенка.
3. Прызначаны для адразання. Адразны станок.
адра́зу, прысл.
1. У той самы момант, неадкладна, зараз жа. Чытаць пачаў ён [Богут] і адразу Агнём успыхнуў яго твар. Колас. Маці, стомленая за дзень, адразу засынае. Бядуля. // Адначасова. Коннікі ўварваліся ў цэнтр мястэчка адразу з усіх пяці вуліц. Брыль. // Непасрэдна за чым‑н. (у прасторавых і часавых адносінах). Адразу за агароджай, што высілася побач з ліцейным цэхам, пачыналася поле. Шыцік. Завіхурыла адразу пасля каляд. М. Стральцоў.
2. За адзін раз, з першага разу. [Люсан:] — У сумцы змяшчалася вялікая акумулятарная батарэя, здольная аддаць адразу ўвесь.. зарад. Шамякін. [Апанас:] — Малады ты яшчэ, Зэнак. Як гэта ты адразу зробіш, каб усё было як мае быць... Чорны.
3. З самага пачатку, ад першага разу. Хлопец адразу не спадабаўся Мажэйку. Шахавец. Вялізны санаторый адразу здаўся Казанцаву сапраўдным лабірынтам. Васілевіч.