Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наво́хрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Спец. Пакрыць, пафарбаваць вохрай. Навохрыць падлогу.

наво́чнік, ‑а, м.

1. Шчыток або павязка для аховы вачэй ад чаго‑н. [Аржанец:] — Глядзі на жыццё зблізку, без акуляраў ды навочнікаў, вывучай яго не зверху, а з сярэдзіны, слухай, што добрыя людзі гавораць. Брыль.

2. Шчыток на вуздэчцы, які не дае пужліваму каню глядзець па баках. Едуць сяляне на пары коней у рагатых хамутах і аброцях з вялікімі навочнікамі. Лужанін.

наво́чны 1, ‑ая, ‑ае.

Які надзяваецца на вочы для аховы ад чаго‑н.

наво́чны 2, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і наглядны. Урад [цара] трапіў у няёмкае становішча: яму даводзілася ўжываць рэпрэсіі да той самай думы, якую ён сам склікаў. Гэта было навочнай агітацыяй супроць самаўладства. Колас.

наво́шта, прысл.

Тое, што і нашто.

наво́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад навашчыць.

2. у знач. прым. Нацёрты, пакрыты воскам. Навошчаная папера.

навуго́льнік, ‑а, м.

1. Лінейка ў выглядзе трохвугольніка, пры дапамозе якой вычэрчваюцца прамыя вуглы і праводзяцца перпендыкулярныя лініі.

2. Накладка, звычайна металічная, якая служыць для замацавання або аздаблення вуглоў (рамы, скрыні і пад.).

3. Невялікая трохвугольная паліца, якая вешаецца ў куце.

навуго́льны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца на вуглу. Навугольная вежа.

наву́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад навудзіць.

наву́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго.

Налавіць вудай, спінінгам у нейкай колькасці. Хлопцы навудзілі каля паўсотні акунёў і плотак. Чарнышэвіч.

наву́ка, ‑і, ДМ ‑вуцы, ж.

1. Сістэма ведаў аб заканамернасцях развіцця прыроды, грамадства, мыслення і спосабах уздзеяння на навакольны свет. Савецкая навука. // Работа ў той ці іншай галіне ведаў як прафесія. Займацца навукай.

2. Асобная галіна гэтых ведаў. Астраномія — навука аб нябесных целах. Гуманітарныя навукі. Матэматычныя навукі. // Напрамак у якой‑н. галіне ведаў, які называецца па імені заснавальніка.

3. толькі адз. Навыкі, веды, якія чалавек атрымлівае ў выніку свайго навучання або жыццёвага вопыту. [Дзед Сымон:] — Не, браце, кожная справа патрабуе розуму, навукі. Ізноў жа, каб хаценне, бо любая справа патрабуе, каб яе любілі. Лынькоў. Купіць касу — о, гэта штука! Яшчэ больш важная навука — Умець дагнаць касу да ладу І даць ёй выклепку, асаду. Колас.

4. толькі адз. Павучанне, настаўленне: урок. [Якаў:] — Будзеш служыць мне. Усё глупства выкінь з галавы. Глядзі! .. [Грэчка:] — Што ты, што ты, Якаў! Цяпер я навучаны. Буду помніць навуку гэту доўга... Мележ.

5. толькі адз. Разм. Навучанне, вучоба. Да ўсяго быў [Янка] здатны, як да работы, так і да навукі. Якімовіч. Нялёгка давалася Карпу навука, і Варановіч дзівіўся яго ўпартай настойлівасці і неверагоднай уседлівасці. Дуброўскі.

•••

Дакладныя навукі — навукі, заснаваныя на матэматыцы.

Доктар навук гл. доктар.

Кандыдат навук гл. кандыдат.