Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

небезнадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які не выключае магчымасці поспеху, удачы ў чым‑н. Небезнадзейнае становішча.

небескары́слівы, ‑ая, ‑ае.

Які выяўляе асабістую зацікаўленасць, разлік у чым‑н.; які мае выгаду ад чаго‑н. Небескарыслівы чалавек. Небескарыслівая дапамога.

небескары́сны, ‑ая, ‑ае.

Які прыносіць пэўную карысць. Небескарысныя намаганні.

небеспадста́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае некаторую падставу. Патроху-памалу ў нас вырастаў стыхійны, але небеспадстаўны дух пратэсту. Дамашэвіч.

небеспаспяхо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае некаторы поспех; даволі паспяховы. Небеспаспяховае старанне.

небіткі́, ‑ая, ‑ое.

Які не разбіваецца пры ўдары, падзенні. Небіткое шкло.

неблагі́, ‑ая, ‑ое.

1. Нядрэнны, даволі добры. Неблагая глеба. Неблагі ўраджай. // Даволі ўмелы, вопытны. Неблагі арганізатар. □ [Маці:] — Бацька твой, як ты і сам чуў, і лектар неблагі. Даніленка.

2. Дастатковы для якой‑н. мэты. — Неблагі пачатак, — з задавальненнем усміхнуўся стары рыбак. Шашкоў. // Даволі значны. — А грошы [у Марыны] ёсць. Жывуць удваіх, заработак жа ў агранома неблагі. Б. Стральцоў.

небыва́лы, ‑ая, ‑ае.

Якога раней не было; нябачаны, незвычайны. Ты ідзеш шляхамі небывалымі, І ўжо блізка той жаданы год. Панчанка. Гірня хуценька сабраў ключы, адвёрткі і з небывалай для яго жвавасцю ўскочыў у кабіну... Кулакоўскі. Экспедыцыя правяла ўсебаковыя і небывалыя па маштабах даследаванні мора. «Звязда». / у знач. наз. небыва́лае, ‑ага, н. Кожны крок наш быў незвычайным крокам у невядомае і небывалае. Грамовіч.

небылі́ца, ‑ы, ж.

1. Паведамленне пра тое, чаго не бывае ў рэчаіснасць выдумка. [Вайцяхоўскі:] — Тут, чалавеча, так перамешана быль з небыліцай, што цяжка адрозніць, дзе праўда, а дзе творчая фантазія расказчыкаў. Машара. // Плёткі, хлусня. Бабы-пляткаркі, .. сабраўшыся ля калодзежа, разносяць небыліцы; — Гэта ж дзіва — пайсці ад мужыка. Каваль.

2. Від жартаўлівых твораў вуснай славеснасці; казка.

не́быль, ‑і, ж.

Тое, чаго не было, не бывае; небыліца. [Бабейка:] — Няўжо, калі часам узвядуць на мяне якую небыль, ты не закінеш слова, Сямён Іванавіч? Хадкевіч.