мэ́бля, ‑і, ж., зб.
Прадметы абстаноўкі памяшкання. Два сталы, пісьмовы і звычайны,.. ды некалькі крэслаў складалі ўсю мэблю і абстаноўку канторы. Колас. Выходзячы, Міша не стрымаўся і заглянуў праз прыадчыненыя дзверы ў цесна застаўлены мэбляй пакой. Карпюк.
•••
Мяккая мэбля — мэбля, у якой тыя часткі, што прызначаны для сядзення або ляжання, зроблены на спружынах або набіты чым‑н. мяккім.
[Фр. meuble.]
мэблява́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад мэбляваць.
2. у знач. прым. З мэбляй, з абстаноўкай. Мэбляваны пакой. Мэбляваная кватэра.
мэблява́цца, ‑люецца; незак.
Зал. да мэбляваць.
мэблява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., што.
Абставіць (абстаўляць) памяшканне мэбляй.
мэ́канне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. мэкаць; гукі гэтага дзеяння.
мэ́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Утвараць працяжныя гукі «мэ-мэ» (пра некаторых жывёл).
мэ́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да мэкаць.
мэ́ндлік, ‑а, м.
Пяць снапоў ячменю, аўса, пастаўленых у кучкі для прасушкі і накрытых распасцёртым снапом зверху. Перад.. [Сцёпкам] раскрываюцца ўсё новыя і новыя рысункі дарогі: лясы, лужкі, мосцікі, пажоўклыя гоні палёў, дзе пападаюцца сям-там яшчэ непрыбраныя мэндлікі аўсоў. Колас. // Тое, што і бабка 2 (у 6 знач.). Досвіткам.. [Густаў] дайшоў да поля, дзе стаялі мэндлікі нязвезенага жыта. Чорны. За лесам жытні палетак, устаўлены мэндлікамі без шапак. Мурашка.
[Ням. Mandel.]