мэр, ‑а, м.
Галава муніцыпалітэта ў некаторых зарубежных краінах.
[Фр. maire ад лац. major — большы.]
мэ́рам, прысл.
Абл. Нібы, быццам. За бліскавіцаю грукнуў гром, мэрам выстрал з дзесяткаў гармат, ускалыхнуўшы зямлю. Гартны.
мэ́рыя, ‑і, ж.
Муніцыпальнае ўпраўленне, а таксама памяшканне, дзе такое ўпраўленне размешчана.
[Фр. mairie.]
мэ́та, ‑ы, ДМ мэце, ж.
Тое, да чаго імкнуцца, чаго жадаюць дасягнуць. Мэта ўрока. Дасягнуць мэты. □ Міналі дні, ішлі гады. Ішлі і мы да нашай мэты. Бялевіч. [Свірын:] — Мэта ў нас з вамі адна — спакойна жыць, добра вучыцца і мірна працаваць. Пальчэўскі. // Пэўны намер, пастаўленая задача. Хацелася проста так, без мэты, паблукаць па вуліцы, паглядзець на людзей, на вітрыны, на рух машын. Карпаў. Ішла.. група з ранейшай мэтай — падбіраць для справы людзей у вёсках. Новікаў. // Загадзя намечаны пункт, мяжа. Тым самым тыднем, а можа, наколькі дзён раней, .. стары Нявада падышоў да мэты свайго доўгага падарожжа. Чорны.
•••
З мэтай чаго — для таго каб.
мэ́тавы, ‑ая, ‑ае.
Накіраваны на дасягненне якой‑н. мэты. Мэтавае заданне. Мэтавая ўстаноўка. // Прызначаны для пэўнай мэты. Мэтавае фінансаванне.
мэтазго́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць мэтазгоднага. [Анатоль:] — Вуду шчыры: мэтазгоднасць такога кроку прадыктавана яшчэ і складанасцю абставін. Ваданосаў.
мэтазго́дны, ‑ая, ‑ае.
Які адпавядае вызначанай мэце, разумны, карысны. Кожная група падпальшчыкаў выходзіла на свой участак, брала на прыцэл свае аб’екты. Такая тактыка была найбольш мэтазгоднай і эфектыўнай. Няхай.
мэтаімклі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць мэтаімклівага.
мэтаімклі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які імкнецца да пэўнай мэты. Заўсёды дапытлівы і мэтаімклівы, Максім Багдановіч прайшоў плённы шлях развіцця і творчых шуканняў. Майхровіч.
мэтанакірава́насць, ‑і, ж.
Імкненне да пэўнай мэты, падпарадкаванасць (дзеянняў, думак і г. д.) якой‑н. мэце. Ідэйная мэтанакіраванасць. Мэтанакіраванасць у працы. □ Бадай ва ўсім, што сустракаў Яўген — ад лозунгаў да сатырычных лісткоў, ён улоўліваў разумную мэтанакіраванасць. Карпаў.