мотаэстафе́та, ‑ы, ДМ ‑феце, ж.
Эстафета на матацыклах.
мо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
Заціхаць, замаўкаць. Тым часам сяло моўкла, ноч усё глыбей і цяжэй насядала на зямлю. Колас. У цесных долах Гвадарамы Каторы дзень не моўкне бой. Глебка.
мо́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мовы. Моўныя звароты. Моўная характарыстыка. Моўныя групы.
мо́ўчкі, прысл.
1. Нічога не гаворачы. Чалавек стаяў моўчкі, разгублена цёр шыю. Новікаў. Вера слухала .. [Анісіма] моўчкі, не перастаючы збіраць ягады. Сачанка.
2. перан. Не пратэстуючы, пакорліва, маўкліва. Моўчкі скарыўся лёсу, Моўчкі цярплю хваробу. Жычка. Усе сядзелі моўчкі, бо надзеі на вызваленне ўжо не было. Федасеенка.
3. перан. Паціху, тайком. Схаваўшыся за куст, Грышка моўчкі наглядаў за сваім сябрам. Колас.
мох, РДМ моху і імху, Т мохам і імхом; мн. імхі, імхоў; м.
Споравая расліна без каранёў і кветак, якая сцелецца або расце ў вільготных мясцінах, на дрэвах, каменні. Перад вайной схілы гары былі голыя, усланыя сівым сухім мохам. Пестрак. Хатка была старая, пахілая, на страсе рос зялёны мох і нават кусцікі нейкай травы. Сіняўскі. Пад босымі нагамі шалахціць залатое лісце, суха патрэскваюць сучкі на мяккай аўчыне імху. Брыль.
•••
Аленевы мох — назва кусцістага шаравата-зялёнага або белага лішайніка, які служыць кормам для паўночных аленяў.
Абрасці мохам гл. абрасці.
мо́хавы, ‑ая, ‑ае і махавы́ 2, ‑а́я, ‑о́е.
Які мае адносіны да моху; састаўной часткай якога з’яўляецца мох. Грыбны ўгар нядоўгі. Тыдзень-другі, ад сілы тры, і баравікі паступова пачынаюць знікаць. І толькі заўзятыя грыбнікі ўсё яшчэ працягваюць таптаць у барах мяккі мохавы дыван. Ігнаценка. Маладняк і махавое покрыва выгараць у яловым лесе гэтак жа, як і ў сасновым. Гавеман. // Які зарос мохам. Зялёнай кругловінай называўся невялічкі грудок на мохавым балоце, зарослы маладым дубняком і арэшнікам. Паслядовіч.
моц, ‑ы, ж.
1. Трываласць, мацунак. Моц тканіны. □ [Масладуда:] — Зрабіць якую рэч з жалеза — не хітрая штука. Жалеза само па сабе моц мае. Лынькоў.
2. Фізічная сіла. Моц мускулаў. □ Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. З кароткіх рукавоў .. шэрай світкі тырчалі доўгія мазольныя рукі, і ў іх адчувалася моц. Чарнышэвіч.
3. Праяўленне чаго‑н.; сіла, ступень гэтага праяўлення. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Колас. Сонца яшчэ не набралася моцы. Беразняк.
4. Магутнасць, аўтарытэт, сіла. Моц савецкай дзяржавы. □ Зачараваныя глядзім На сілу, моц сваёй радзімы, Што ззяе полымем жывым. Танк. // Здольнасць уздзейнічаць; сіла ўздзеяння. [У працы над роллю Благса] я пазнаў моц ўяўлення і фантазіі — іх месца ў творчасці акцёра. Сяргейчык. Шчыра веру я ў моц пажадання. Дзяргай. // перан. Духоўная стойкасць. Моц душы.
5. Насычанасць, канцэнтрацыя. — Вось летась быў у мяне тытунь, той, праўда, меў моц. Зацягнешся — дух займае. Пальчэўскі.
6. У спалучэнні з асабовай формай дзеяслова, прыметніка або займенніка (часцей з прыназоўнікам) выражае найвышэйшую ступень праяўлення дзеяння. Крычаць на ўсю моц. □ Лілося святло з вокнаў вакзала, на поўную моц гарэлі ліхтары. Васілёнак. Міхась з усяе моцы бразнуў дзвярыма. Савіцкі.
•••
Як (колькі) моцы стае гл. ставаць.
моцнагало́сы, ‑ая, ‑ае.
Які мае моцны голас. Высокі, шыракагруды, моцнагалосы стаяў .. [Маякоўскі] побач з трыбунай перад вялікай перапоўненай залай ва ўвесь свой велічэзны рост. «Беларусь».