міно́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Іспанская парода яйцаноскіх курэй.
[Ісп. menorca, minorca, ад назвы вострава Менорка ў Міжземным моры.]
міно́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мінору (у 1 знач.). Мінорны акорд. Мінорная гама. □ Наша тройка ціха павяла мінорны напеў папулярнай .. [у вайну] партызанскай песні. Пянкрат. І ў шчодрым музычным россыпу .. [Малышаў] улоўліваў толькі мінорныя адценні. Хадановіч.
2. перан. Разм. Сумны, журботны. Мінорны настрой. Мінорны тон верша.
мінта́й, ‑я, м.
Мелкаводная рыба сямейства трасковых, якая водзіцца ў паўночнай частцы Ціхага акіяна.
мінулаго́дні, ‑яя, ‑яе.
Які мае адносіны да мінулага года; леташні. Мінулагодні тэатральны сезон. Мінулагоднія моды. // Які застаўся, захаваўся ад мінулага года. У затоне, паміж сухіх мінулагодніх чаротаў, раптам голасна закрычаў качур. Краўчанка. Гірляндамі вісяць на .. яловых лапках мінулагоднія шышкі. Зуб. // Зроблены, створаны ў мінулым годзе. Успомніўшы, відаць, мінулагодні праект моста, [дырэктар] махнуў рукой і сур’ёзна сказаў: — Добрую справу не забракуеш: яна праб’е сабе дарогу. Рунец.
міну́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўжо прайшоў, мінуў. Марыя з роспаччу паведаміла, што мінулай ноччу ў санчасці было трывожна. Кулакоўскі. Гнілая зіма мінулага года была асабліва цяжкаю для будаўнікоў. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. // Які быў раней, былы. Нібы зноў вярнуліся мінулыя радасці, мінулыя думы. Лынькоў. А тым часам перад Палінай праходзілі ўсе, адзін за адным, дні яе мінулага жыцця. Кавалёў.
2. у знач. наз. міну́лае, ‑ага, н. Тое, што прайшло, адышло; былое. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі. Аддаючы належнае народнаму мастацтву, многія дзеячы культуры разумелі, што нельга .. фарміраваць нацыянальны стыль, пакінуўшы без увагі багатыя мастацкая традыцыі мінулага. Шматаў. Лізу Сцяпан ніводнага разу не папракнуў мінулым. Корбан.
•••
Адысці ў мінулае гл. адысці.
мі́нус, ‑а, м.
1. У матэматыцы — знак у выглядзе гарызантальнай рыскі ( − ) для абазначэння аднімання або лічбы, меншай за нуль; проціл. плюс.
2. нескл. Паміж дзвюма лічбамі абазначае, што другая лічба аднімаецца ад першай. Сем мінус тры раўняецца чатыром.
3. Адмоўная велічыня. Мінус на мінус дае плюс. // Гарызантальная рыска пры школьных адзнаках, якая паказвае зніжэнне адзнакі. Чатыры з мінусам.
4. перан. Разм. Недахоп, адмоўны бок. У адзін міг я ўзважыў усе мінусы і плюсы. Тут жа выявіў яшчэ адзін мінус: я быў ранены. Шамякін.
[Ад лац. minus — менш.]
мі́нусавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мінуса, з мінусам; адмоўны. Мінусавая тэмпература.
міну́скулы, ‑аў; адз. мінускул, ‑а, м.
Спец. Малыя літары ў почырках старажытнай пісьменнасці; проціл. маюскулы.
[Лац. minusculus — вельмі малы.]
міну́скульны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да мінускулаў. Мінускульнае пісьмо.