мініяцю́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мініяцюры (у 1, 2 знач.). Мініяцюрны жывапіс.
2. Маленькі і прыгожы. Побач з важным, шыракаплечым Міхалам Арына здавалася мініяцюрнай, стройнай і маладой. Карпаў. // Вельмі малы. Пасля прыязнай таварыскай гутаркі ў рабочым клубе мы пайшлі на сустрэчу з гданскімі пісьменнікамі. Там пілі кофе з мініяцюрных кубачкаў і слухалі канцэрт. Пестрак.
мініяцюрыза́цыя, ‑і, ж.
Змяншэнне памераў, вагі (прыбораў, устройстваў і пад.). Мініяцюрызацыя — агульнапрызнаная тэндэнцыя ў тэхніцы.
мініяцюры́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Мастак, які малюе мініяцюры.
[Фр. miniaturiste.]
мініяцюры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да мініяцюрыст.
мі́ні-мо́да, ‑ы, ДМ міні-модзе, ж.
Мода на вельмі кароткае жаночае адзенне.
мі́ні-спадні́ца, ‑ы, ж.
Вельмі кароткая спадніца.
мі́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да міны 1. Па ўсім было відаць, што міннае поле пачыналася недзе на балоце і канчалася крокаў за дваццаць ад зямлянак. Асіпенка.
міно́га, ‑і, ДМ ‑нозе, ж.
Рыбападобная жывёліна, якая сваёй формай нагадвае вугра. Рачная мінога. Марская мінога.
[Ням. Neunauge.]
міно́гавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да міногі. // Прызначаны для лоўлі міногі.
2. у знач. наз. міно́гавыя, ‑ых. Назва сямейства водных бяссківічных пазваночных жывёл, да якога адносіцца мінога.
міно́р, ‑у, м.
1. Спец. Музычны лад, акорд якога грунтуецца на малой тэрцыі; проціл. мажор.
2. перан. Разм. Сумны, прыгнечаны настрой. Рэзкім пераходам у мінор аўтар уводзіць слухача ў кола новых настрояў. «ЛіМ». [Паэты] прымушаюць гучаць слова адначасова і ў мажоры і ў міноры, і сурова-драматычна і мякка-лірычна. Лойка.
[Іт. minore, ад лац. minor — меншы.]