Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наво́кал,

1. прысл. Усюды, з усіх бакоў. Цішыня, спакой, сон панавалі навокал. Колас. Нада мною блакітны шацёр, А навокал — лясы і лясы. Астрэйка. // Кругом. З зямлі, хістаючыся, падняўся Цярэшка і агледзеўся навокал. Шчарбатаў.

2. прысл. Апісваючы круг, па кругу. [Віктар:] — Гэтак мы абыдзем навокал і зноў прыйдзем на стар[о]е месца. Маўр.

3. прыназ. з Р. Ужываецца для вырашэння прасторавых адносін пры назве асобы, прадмета або месца, з усіх бакоў якога адбываецца пэўнае дзеянне ці размяшчаецца што‑н. Навокал рыначнай плошчы стаяць драўляныя і нават цагляныя дамы. Брыль. Знізу камень аброс мохам, жоўтая трава навокал яго была вільготная. Чорны.

4. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння аб’ектных адносін: указвае на асобу, прадмет ці паняцце, якое з’яўляецца аб’ектам пэўнага працэсу або дзеяння. Гутарка ўвесь час вялася навокал старшыні. □ Каля .. [калектывізацыі] згуртаваны ўсе думкі, пачуцці і разрахункі практычнага сялянскага розуму, навокал яе вядзецца самая дзейсная агітацыя. Колас.

наво́кала,

1. прысл. Тое, што і навокал (у 1, 2 знач.). Выбліснула сонейка. І ўсё навокала ажыло і павесялела... Ігнаценка. Далёка ад мора наш горад, Навокала — поле ды лес. Прыходзька.

2. прыназ. з Р. Тое, што і навокал (у 3, 4 знач.). Навокала агню стаяць і сядзяць людзі ў вайсковай адзежы. Колас. Як [цені], сіняватыя кругі Навокала вачэй ляглі, а вочы Як быццам просяць злітавацца ўсіх. Багдановіч.

наво́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад наворваць.

наво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наараць.

наво́страны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад навастрыць.

наво́стрыванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. навострываць.

наво́стрывацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да навастрыцца (у 1 знач.).

2. Зал. да навострываць.

наво́стрываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да навастрыць (у 1 знач.).

наво́хрывацца, ‑аецца; незак.

Зал. да навохрываць.

наво́хрываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да навохрыць.