Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

малае́зджаны, ‑ая, ‑ае.

1. На якім мала ездзілі. Малаезджаны конь. Малаезджаныя калёсы.

2. Па якім рэдка, мала ездзяць. Дарога тут была малаезджаная, глухая. Чорны. Без святла, без асаблівага грукату [машына] паціху падалася па малаезджанай камяністай дарозе. Лынькоў.

мала́ец,

гл. малайцы.

малазабяспе́чаны, ‑ая, ‑ае.

Які мае абмежаваныя матэрыяльныя сродкі; недастаткова забяспечаны. Малазабяспечаная сям’я.

малазасе́лены, ‑ая, ‑ае.

Заселены невялікай колькасцю жыхароў. Малазаселеныя мясціны.

малаздо́льны, ‑ая, ‑ае.

У якога недастаткова здольнасцей. Малаздольны вучань.

малазмясто́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць малазмястоўнага.

малазмясто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае багатага зместу; павярхоўны, бедны. Малазмястоўны даклад.

малазмяшча́льны, ‑ая, ‑ае.

Недастаткова змяшчальны, невялікіх памераў. Малазмяшчальны бак.

малазнаёмы, ‑ая, ‑ае.

Недастаткова знаёмы. Далейшая размова збліжае .. [Лабановіча і Андросаву], рассейвае тое недавер’е і тую асцярожнасць, што замінаюць выяўленню шчырасці і адкрытасці паміж людзьмі, асабліва малазнаёмымі. Колас.

малазна́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць малазначнага.