Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

месца...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да месца, прасторы, напрыклад: месцазнаходжанне, месцапражыванне.

месцажыха́рства, ‑а, н.

Месца, дзе хто‑н. жыве пастаянна. Спірыдон Лук’янавіч Сабяга ніяк не мог прывыкнуць да новага месцажыхарства. Шахавец.

месцазнахо́джанне, ‑я, н.

Месца, дзе хто‑, што‑н. знаходзіцца. Выконваючы аператыўнае заданне камандавання палка, Гравэ з групай таварышаў прабіраўся ў варожы стан, каб дазнацца пра месцазнаходжанне штаба белых. Барашка. Высокая бляшаная труба з дратамі-адводамі паказвае на месцазнаходжанне паравога млына. Навуменка.

ме́сцам, прысл.

Тое, што і месцамі. Месцам хваля стогнам рыкне. Цётка.

ме́сцамі, прысл.

У некаторых месцах, дзе-нідзе. Месцамі пракідалася канюшына з ружаватымі паўсухімі пампонамі кветак. Асіпенка.

месцанараджэ́нне, ‑я, н.

Месца, дзе нарадзіўся хто‑н.; радзіма каго‑н. Месцанараджэнне Янкі Купалы.

месцапрабыва́нне, ‑я, н.

Месца, у якім хто‑н. знаходзіцца.

месцапражыва́нне, ‑я, н.

Месца, пункт, дзе хто‑н. жыве, пражывае.

ме́сцейка, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да месца (у 1, 2 знач.).

ме́сці, мяту́, мяце́ш, мяце́; мяцём, мецяце́; пр. мёў, мяла́, мяло́; незак., што.

1. Ачышчаць якую‑н. паверхню ад смецця, пылу мятлой, шчоткай і пад. Месці вуліцу. □ Як толькі замільгалі ў акне чырвонаармейскія шапкі, «дзяўчына» старанна ўзялася месці хату. Крапіва.

2. З сілай гнаць, пераносіць што‑н. з месца на месца. Вецер мяце сухі снег.., і, здаецца, што дзесьці адчышчаюць іржавыя нажы наждачнаю шкуркаю ці сыпкім жвірам. Лужанін. Калі садзяць сады, вецер лісце мяце І на сцежках сляды засыпае. Прыходзька. // без дап. З сілай ісці, кружыць (пра мяцеліцу, завею). І снег мяце такі густы, што не відаць, дзе дол, дзе неба. А. Вольскі. Завея мяце, завывае, намятае вялізныя сумёты. Лынькоў. / безас. Пайшоў снег, пачало месці, зраўняла і дарогу, і поле... Пташнікаў.