неабды́мны, ‑ая, ‑ае.
Вялізны памерамі; бязмежны, бяскрайні. Сусвет неабдымны Ловіць кожнае слова Крамля. Вітка. Усё заззяла, і прасторы сталі неабдымнымі. Чорны. Грузавік крануўся і мякка пакаціўся па дарозе сярод неабдымнага мора жыта. Лупсякоў. // Надзвычайны па сіле, ступені праяўлення. Жыццё ішло, поўнае сваёй глыбокай і неабдымнай чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. Паўночныя нашыя шыры, Тайгі неабдымны спакой Змяняў на падманшчыцу-ліру, На ўтульны і ціхі пакой?! Звонак.
неаб’е́зджаны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, на якім яшчэ не ездзілі; не прывучаны да язды (пра коней).
2. Такі, на якім мала ездзілі (пра сані, калёсы і пад.), неабкатаны. Неаб’езджаны вазок.
3. Такі, па якім зусім або даўно не ездзілі (пра дарогу).
неаб’екты́ўнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць неаб’ектыўнага. Неаб’ектыўнасць заўваг.
2. Неаб’ектыўныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Такіх апавяданняў, у якіх наглядаецца празмерная трагічнасць, што вядзе да неаб’ектыўнасці і скажэння рэальнага жыцця, у Змітрака Бядулі адно-два. Каваленка. [Удалаў:] — Ты мяне абзінавачваеш у неаб’ектыўнасці. Гурскі.
неаб’екты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які не адлюстроўвае сапраўднага становішча спраў; прадузяты. Неаб’ектыўны падыход. Неаб’ектыўны вывад.
неабжы́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан неабжытага. У хаце — хоць і прасторнай і светлай — стаіць нейкі невыказны ды непаўторны дух неабжытасці, сумнай і затхлай даўніны... Брыль. Кабінет павеяў на яго ўспамінамі і неабжытасцю. Марціновіч.
неабжы́ты, ‑ая, ‑ае.
Такі, у якім яшчэ мала жылі; нежылы. Пакойчык у старшыні быў маленькі і зусім неабжыты. Шахавец.
неабкладны́, ‑ая, ‑ое.
Які не падлягае аблажэнню. Неабкладныя даходы.
неабмежава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць неабмежаванага. Неабмежаванасць магчымасцей.
неабмежава́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якому не ўласціва абмежаванне ў чым‑н. Неабмежаваная колькасць. Неабмежаваная ўлада. □ Мастацкая літаратура заклікана адлюстроўваць усе сферы дзейнасці чалавека, значыць, і выяўленчыя сродкі яе практычна неабмежаваныя. Юрэвіч. [Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя] стварыла ўсе ўмовы для неабмежаванага росквіту творчых сіл і магчымасцей чалавека. Шматаў.
неабнаро́даваны, ‑ая, ‑ае.
Неапублікаваны для ўсеагульнага азнаямлення. Неабнародаваны дакумент.