Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

галюцына́цыя, ‑і, ж.

Абман зроку, слыху, нюху або дотыку, які ўзнікае ў выпадку расстройства дзейнасці мозга; уяўнае адчуванне таго, чаго ў сапраўднасці няма. Шалёхін раптам падымае галаву: пачулася яму, ці гэта проста галюцынацыя слыху? — ..Чыесь асцярожныя крокі, нібы хтось крадзецца. Колас. — Трэба супакоіцца. Галюцынацыя, нервы... Цьфу! Белыя тапачкі... Здасца ж такое, — сам сабе засмяяўся Анатоль. Ваданосаў.

[Лац. hallucinatio — трызненне.]

галюцыні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Быць у стане галюцынацыі; пакутаваць ад галюцынацыя.

галявы́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Які папярэднічае голу; востры момант ля варот праціўніка. Галявы момант.

галя́к, ‑а, м.

Разм.

1. Пагард. Бядняк, галыш (у 2 знач.).

2. у знач. прысл. галяко́м. Без адзення, будучы голым. Не хадзі галяком.

галяна́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З тонкімі доўгімі галёнкамі. Так яны стаялі моўчкі адзін супроць аднаго — малады, худы, галянасты хлопец і пажылы дзядзька з касматым тварам. Дуброўскі.

2. у знач. наз. галяна́стыя, ‑ых. Назва атрада даўганогіх птушак, да якога адносяцца журавель, бусел, чапля і інш.

гам 1, ‑у, м.

Тое, што і галас. Скрозь мітусню і гам Дзмітрый прабіўся на перон. Беразняк. Ну, а чайкі, дык тыя ўсюды адчуваюць сябе, як дома, усюды падымаюць шум і гам. Маўр.

гам 2, выкл. (часта ўжываецца з паўтарэннем «гам-гам!»).

Разм. Гукапераймальнае слова, якое мае значэнне есці.

•••

Сам не гам і другому не дам — сам не карыстаецца чым‑н. і другім не дазваляе.

га́ма 1, ‑ы, ж.

1. Паслядоўны рад музыкальных гукаў, які павышаецца або паніжаецца ў межах адной ці некалькіх актаў. Мінорная гама.

2. перан.; чаго. Паслядоўны рад аднародных, але розных прадметаў, з’яў; паслядоўная змена з’яў. Разнастайная гама пачуццяў. Гама фарбаў.

[Ад грэч. gámma — назва літары, якая абазначала гук «соль» у сярэдневяковай музыцы.]

га́ма 2, ‑ы, ж.

Назва трэцяй літары грэчаскага алфавіта.

•••

Гама-глабулін — адзін з бялкоў крыві, што прымяняецца як лячэбна-прафілактычны прэпарат пры некаторых інфекцыйных хваробах (гепатыце, коклюшы і інш.).

Гамапрамяні — нябачныя прамяні радыеактыўнага рэчыва, здольныя пранікаць праз непразрыстыя прадметы.

гамаге́нны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Аднародны па саставу, уласцівасцях, паходжанню; проціл. гетэрагенны.

[Ад грэч. homogenēs.]

гамадры́л, ‑а, м.

Буйная малпа з роду павіянаў, якая водзіцца ў Афрыцы і на Аравійскім паўвостраве.

гама́к, ‑а, м.

Падвясны ложак з сеткі або парусіны для сну і адпачынку на свежым паветры. [Віктар Сяргеевіч] толькі што вярнуўся з раёна і зараз, лежачы ў гамаку, .. чытаў свежыя газеты. Якімовіч.

[Фр. hamac.]