е́лка, ‑і, ДМ елцы; Р мн. елак; ж.
Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з конусападобнай кронай і доўгімі лускаватымі шышкамі. За дубамі ўзвышаюцца, гамонячы сваімі калматымі вершалінамі з сінім небам, вечназялёныя елкі і сосны. Паслядовіч.
елкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Крыху елкі. У хаце .. пахла свежым хлебам і елкаватым салам. С. Александровіч.
е́льнік, ‑у, м.
1. Яловы лес. Недзе ў гушчары маладога ельніку спявалі дразды. Новікаў.
2. зб. Насечаныя яловыя лапкі або дровы. Накласці ельніку ў вогнішча.
е́льнічак, ‑чку, м.
Памянш.-ласк. да ельнік; малады ельнік. Вышэй трошкі — ельнічак густы. Там добра і прысесці. Лобан.
енк, ‑у, м.
1. Жаласны стогн, выкліканы болем або вялікім горам; крык пакуты, адчаю. Дзіўна.. было чуць, калі замест вясёлых дзіцячых галасоў і смеху са школы даносіўся немы енк, галашэнне жанок. Няхай. Рыва, як падсечаная, апусцілася на зэдлік.., і доўгі працяглы енк вырваўся з яе грудзей. Лынькоў. // Гук, падобны да стогну. І міны енк, і бомбы дзікі свіст, І па Радзіме сум прайшлі даўно. Астрэйка.
2. перан. Горкая жальба, нараканне. — Гэтак жа, мусіць, цяпер жывуць і паміраюць там, адкуль даносяцца аж сюды енк і плач гаротнага народа... Чарот.
е́нкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да енчыць (у 1 знач.).
е́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Жаласна стагнаць, крычаць ад болю. [Старая] ці то зламала, ці то вывіхнула нагу ў калене — не разабраць, але стогне і енчыць так, што сэрца разрываецца. Васілевіч. Енчылі непрыбраныя раненыя. Мележ. // Гаварыць з енкам, скардзячыся. — Братачка, паміраць збіраемся, — дрыжачым голасам енчыла жонка старога Хвядоса Пастарунка. Кавалёў. // Абзывацца крыкам, гукамі, падобнымі да енкаў. Журчала рака, і над ёй чалавечым голасам енчыла кнігаўка. Пташнікаў. Заблытаўшыся ў снезе, вецер енчыць. Сумётамі дарогу замяло. Макаль.
2. перан. Разм. Назойліва, надакучліва прасіць аб чым‑н.; ныць. Рыпелі вазы, папіскваў гармонік, жаласліва енчыў жабрак, выстаўляючы перад сабой аголеныя абрубкі рук. Мікуліч. Многія [мяцежнікі] падалі на калені, енчылі і прасілі літасці. Грахоўскі.
епа́рхія, ‑і, ж.
Царкоўна-адміністрацыйная тэрытарыяльная адзінка ў праваслаўнай, каталіцкай і англіканскай цэрквах.
[Грэч. eparchía.]
епархія́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да епархіі. Епархіяльная акруга. Епархіяльны архірэй.
епі́скап, ‑а, м.
Вышэйшы сан у хрысціянскай царкве. // Асоба, якая мае гэты сан; архірэй.
[Грэч. epískopos — наглядчык.]