Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рознатыпо́вы, ‑ая, ‑ае.

Не аднаго тыпу, розных тыпаў. Рознатыповыя сказы.

рознаўзро́ставы, ‑ая, ‑ае.

Які адрозніваецца ад другога (другіх) узростам; розны па ўзросту. Рознаўзроставыя дрэвы.

рознахара́ктарнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць рознахарактарнага. Рознахарактарнасць музычных элементаў сімфоніі.

рознахара́ктарны, ‑ая, ‑ае.

Які адрозніваецца ад іншага (іншых) характарам.

розначасо́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць розначасовага. Розначасовасць напісаныя твораў.

розначасо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да розных часоў, які адбываецца ў розныя часы. Розначасовыя падзеі. Розначасовыя пасевы.

розначыта́нне, ‑я, н.

Спец. Варыянт якой‑н. часткі асноўнага тэксту літаратурнага твора.

ро́зніца 1, ‑ы, ж.

1. Непадабенства, адрозненне ў чым‑н. [Мальгрэта:] — Я ж казала ўжо, Хвядоска, У нас між горадам і вёскай Аніякай розніцы. Крапіва. Малевіч падыходзіць да рэчкі і, таксама як я, садзіцца на беразе. Розніца толькі ў тым, што я сяджу на абрыве, спусціўшы ногі над вадой, а ён прылёг пад адхонам. Брыль.

2. Велічыня, сума, якая з’яўляецца рознасцю паміж дзвюма велічынямі, сумамі. А прызнацца, у нас не вялікая розніца: год пятнаццаць... Хадзем, дай руку, спадарожніца. Вялюгін.

•••

Якая розніца? — ці не ўсё роўна?

ро́зніца 2, ‑ы, ж.

Спец. Продаж паштучна або невялікімі колькасцямі. Здавалася, Індыя, згаладаўшыся за стагоддзі па металу, паглынае яго цяпер вялікімі і малымі кавалкамі, оптам і ў розніцу. Б. Стральцоў.

ро́зніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак., ад каго-чаго чым.

Разм. Мець асаблівасці, рысы, якія адрозніваюць каго‑, што‑н. ад іншага (іншых), робяць непадобным на іншых; адрознівацца. [Сцяпан Уласавіч] амаль нічым не розніцца ад іншых дзядзькоў — ні гаспадаркай, ні адзеннем. Мележ. Публіцыстычнасць П. Глебкі розніцца ад мяккага лірызму Я. Купалы, ад эпічнай непаспешлівасці Я. Коласа. «Полымя». Сучасны варыянт песні «Ой, рэчанька, рэчанька» таксама розніцца ад змешчанага ў пятым томе «Люду беларускага». Саламевіч.

ро́зніць, ‑іць; незак., каго-што ад каго-чаго.

Разм. Быць асаблівасцю, якая адрознівае каго‑, што‑н. ад іншага (іншых), робіць непадобным да іншых; адрозніваць. Ва ўсім сышліся мы, адно нас розніць: Я вершамі пішу, а сябра — прозаю. Гілевіч. [Маланнін] гарадскі ўбор розніў яе ад усёй сям’і. Галавач.