Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рознаіме́нны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які нясе процілеглыя (дадатны або адмоўны) зарады. Рознаіменныя зарады.

рознакалі́берны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае розны калібр. Запрэжаныя па чатыры і тры пары цяжкавозы, напнуўшыся, цягнулі рознакаліберныя гарматы. Гурскі.

2. Разм. Розных памераў, рознай формы, фасону і пад. Зараз-жа дзябёлая Акуля — яна была старожкаю пры школе і разам гаспадыняю кухні — прынесла пяць рознакаліберных талерак, столькі ж зборных відэльцаў ды пару нажоў-інвалідаў. Колас.

рознакаляро́васць, ‑і, ж.

Якасць рознакаляровага, разнастайнасць колераў, фарб. Рознакаляровасць тканін.

рознакаляро́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае неаднолькавы з чым‑н. колер, афарбоўку; рознага колеру, рознай афарбоўкі. Рознакаляровыя шары. Рознакаляровыя алоўкі. □ На ясным небе загараліся зоркі, дрыгацелі, свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі, пераліваліся. Колас.

рознапляме́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць рознапляменнага; прыналежнасць да розных плямёнаў, народаў.

рознапляме́нны, ‑ая, ‑ае.

У склад якога ўваходзяць розныя плямёны, розныя народы. Рознапляменнае насельніцтва.

рознарабо́чы, ‑ага, м.

Рабочы, заняты на падсобных работах, якія не патрабуюць кваліфікацыі. [Мікалай:] — Умовімся, што, за выключэннем некалькіх рознарабочых, не будзем трымаць у брыгадзе неспецыялістаў, рабочых без разраду. Хадкевіч.

рознасасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які належыць да розных саслоўяў. Рознасаслоўны натоўп.

рознасаста́ўны, ‑ая, ‑ае.

Неаднародны па саставу. Рознасастаўныя рэчывы.

рознаскладо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае розную колькасць складоў. Рознаскладовая страфа. // Які падае на розныя склады (пра націск). Рознаскладовы націск.