ро́здумнасць, ‑і, ж.
Схільнасць да роздуму; роздум. Асабліва ўзмацніліся ў зборніку «Тры цішыні» тыя роздумнасць і філасафічнасць, якія ў першай кнізе [А. Вярцінскага] досыць выразна адчуваліся толькі ў лічаных творах. Бугаёў.
ро́зна,
1. Прысл. да розны.
2. Не разам, асобна. [Сымон:] — Мы разойдземся. Дарогі нашы розна павязуць. Колас.
розна... (а таксама разна...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «розны», напрыклад: рознагалосы, рознабаковы, разнастайны, разнастопны.
рознааблі́чны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які адрозніваецца знешнім выглядам. Рознааблічны натоўп.
рознабако́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць рознабаковага. Рознабаковасць інтарэсаў.
рознабако́вы, ‑ая, ‑ае.
Які ахоплівае розныя бакі чаго‑н. (жыцця, дзейнасці і пад.); разнастайны. Рознабаковая дзейнасць. □ Рознабаковаю была сувязь Міцкевіча з беларускім фальклорам. Лойка.
рознавысо́кі, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае неаднолькавую вышыню. Рознавысокія паралельныя брусы (спартыўная прылада).
рознагало́сіца, ‑ы, ж.
Тое, што і рознагалоссе. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ. Гарачая рознагалосіца пачуццяў — і няёмкасць, і гордасць, і патаемнае шчасце — зноў зашумела ў Алесевай галаве. Брыль.
рознагало́ссе, ‑я, н.
1. Бязладныя галасы, гукі. Каровы .. вадзілі дзікавата галовамі, настаўлялі рогі, слалі на людское рознагалоссе тужлівае рыканне. Мележ. Дарога была пустэльная і ціхая, затое лес поўніўся птушыным рознагалоссем. Хадкевіч.
2. Супярэчлівасць, няўзгодненасць (слоў, думак і пад.). Рознагалоссе ў паказаннях сведак.
3. Адсутнасць згоды, адзінства ў поглядах, думках, інтарэсах. Усе прытрымліваліся адзінай думкі: фашыста біць нягледзячы ні на снягі, ні на марозы. Былі некаторыя рознагалоссі аб спосабах зімовага размяшчэння. Лынькоў. Былі ў Патапавіча рознагалоссі з Маханьком і ў іншых пытаннях. Кулакоўскі.
рознагало́сы, ‑ая, ‑ае.
Які адрозніваецца ад іншага (іншых) голасам, гучаннем. Тысячы рознагалосых птушак напоўнілі паветра свістам, шчэбетам і спевамі. Колас. Івана Лыкава падтрымалі рознагалосыя воклічы. Арабей. // Такі, у якім чутны розныя галасы. Рознагалосыя спевы. Рознагалосы тлум. □ З самай раніцы лес напоўніўся рознагалосым гоманам. Вірня.